Беларус, затрыманы за шпіянаж ва Украіне, заявіў пра катаванні з боку СБУ


Грамадзянін Беларусі, якога ў чэрвені затрымалі ва Украіне па падазрэнні ў шпіянажы, запэўнівае, што ўсе паказанні даваў пад катаваннямі, ніколі не працаваў на беларускі КДБ, не збіраў сакрэтныя звесткі для Расеі. Пра гэта ён напісаў у сваёй заяве ў амбасаду Беларусі ва Украіне, паведамляе TUT.BY

Затрыманага завуць Юры, ён менчук, яму 32 гады. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА ў Чарнігаве.

Расследаванне справы завершана, зараз Юрый з адвакатам знаёмяцца з матэрыяламі справы. На наступным тыдні чакаецца прад’яўленне абвінаваўчага заключэння. Пра гэта выданню распавёў старэйшы саветнік, консул пасольства Беларусі ва Украіне Сяргей Бобаў.

Летам беларуса на два тыдні перавозілі ў Кіеў, але потым зноў вярнулі ў Чарнігаўскае СІЗА.

У сваёй заяве ў амбасаду затрыманы запэўнівае, што да яго падчас затрымання з боку супрацоўнікаў СБУ ўжываліся катаванні, пад якімі ён вымушаны быў узвесці паклёп на сябе. У заяве мужчына таксама падрабязна апісаў акалічнасці свайго затрымання. Прыводзім вытрымкі з дакумента.

Як піша Юры, затрыманы ён быў, калі вяртаўся ў Беларусь: у момант праходжання пашпартнага кантролю пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Украіны на тэрыторыі памежнага пункта «Новыя Ярылавічы» 16 чэрвеня 2017 года прыблізна ў 16.30 супрацоўнікамі СБУ. Пасля затрымання яго адвялі ў адно з памяшканняў, дзе знаходзілася яшчэ некалькі супрацоўнікаў СБУ. Там, па словах затрыманага, яго ўтрымлівалі больш за чатыры гадзіны.

«На працягу дадзенага часу да мяне ўжываўся вельмі моцны псіхалагічны гвалт і аказваўся моцны маральны ціск. Таксама ўжывалася адным з супрацоўнікаў СБУ фізічная сіла. (…) Мяне спрабавалі прымусіць агаварыць сябе – прызнацца ў здзяйсненні злачынства супраць Украіны, а менавіта ў шпіянажы, у тым, што я спрабаваў перадаць камусьці нейкія сакрэтныя звесткі. Аднак нічога падобнага я ніколі не здзяйсняў.

Яны таксама казалі, што калі я не прызнаюся, то мяне надоўга «закрыюць», а калі «усё распавяду», то мяне вызваляць ад крымінальнай адказнасці. Таксама казалі, што ў мяне ў тэлефоне ёсць сакрэтныя файлы, якія я вязу замежнай выведцы. Аднак у мяне гэтых файлаў не было, ніякага злачынства я не здзяйсняў, на разведку ніякай замежнай дзяржавы я не працаваў. Яны лічылі, што я працаваў на КДБ Беларусі ці ў Расеі. Я ўсё адмаўляў, бо не лічу сябе вінаватым. Я адмовіўся сябе агаворваць».

Пазней, як піша Юры, яго пасадзілі ў машыну і прывезлі да нейкага ахоўнага абʼекта. Там, па словах затрыманага, супрацоўнікі СБУ выйшлі з машыны, а тры чалавекі ў вайсковай форме з аўтаматамі і ў масках, надзеўшы кайданкі і нацягнуўшы анучу на галаву, перасадзілі яго ў іншую машыну і павезлі ў невядомым кірунку. Па дарозе, як указаў у сваёй заяве мужчына, яго дапытвалі, білі, пагражалі расправай.

«Мяне прывезлі ў нейкі лясны масіў. Вывалаклі за кайданкі з машыны, пры гэтым білі далонню па патыліцы. Потым падвялі да дрэва і прышпілілі да яго кайданкамі. Потым пачалі зноў дапытваць. (…) Усё гэта яны здымалі на тэлефон, казалі, каб я прасіў прабачэння ва Украіны і што праз мяне загінулі людзі. Паказвалі на тэлефоне цела абгарэлых украінскіх салдат і казалі, што я іх забіў. Аднойчы пры гэтым ткнулі ў вобласць шыі металічнай часткай зброі (руляй аўтамата). Працягвалася дадзенае злачынства – выбіванне паказанняў – прыкладна 45–60 хвілін».

Пасля гэтага, як сцвярджае мужчына, яго адвезлі ў ІЧУ Чарнігава. А праз тры дні вырашылі перавезці яго ў СІЗА СБУ ў Кіеве. Па дарозе туды, як ён сцвярджае, да яго зноў ужываліся катаванні, і, каб іх спыніць, ён вырашыў агаварыць сябе.

«Калі ўжо стала зусім невыносна, я вымушаны быў сябе свядома агаворваць і прызнацца ў здзяйсненні злачынства, якога ніколі не здзяйсняў, на хаду прыдумаў рэчы, якіх ніколі не было і падзеі, якія ніколі не адбываліся. Далей яны пачалі даваць мне падказкі, з якімі я згаджаўся. Потым усё здымалі на тэлефон. Відэа дублявалася некалькі разоў, таму што я запінаўся. Потым мне сказалі, каб я ўсё гэта пацвердзіў следчаму, а калі гэтага не зраблю, то яны зноў са мной «пагутараць», – піша Юры.

Па словах затрыманага, за ўвесь перыяд яго ўтрымання ў СІЗА СБУ ў Кіеве, да следчага яго выклікалі толькі аднойчы – 22 чэрвеня. На допыце, як паказаў у сваёй заяве Юры, супрацоўнікі СБУ прапаноўвалі яму агаварыць другога грамадзяніна Беларусі – невядомага яму Аляксандра Пальчэўскага. Прапаноўвалася сказаць, што ён на яго працаваў, што ўсе звесткі збіраў па яго просьбе і перадаваў яму. Наўзамен яму нібыта абяцалі зняць усе абвінавачанні.

«Я не стаў гэтага рабіць. Я не здзяйсняў ніякага злачынства ў дачыненні да ўкраінскай дзяржавы, не зʼяўляюся шпіёнам, не працую ні на беларускую выведку, ні на якую іншую. У матэрыялах крымінальнай справы, а менавіта ў паказаннях супрацоўнікаў СБУ даецца інфармацыя аб тым, што я яшчэ працую на Расейскую Федэрацыю. Гэта не адпавядае рэчаіснасці. Лічу крымінальная справу сфабрыкаванай і сфальшаванай», – піша Юры.

Бацькі Юрыя жывуць у Менску. Маці затрыманага Ірына пра тое, што сын знаходзіцца ў СІЗА, даведалася ў пачатку чэрвеня, калі ён патэлефанаваў з украінскага нумара сябрам сямʼі і расказаў пра гэта.

«У пачатку чэрвеня сын паехаў у Чарнігаў, каб уладкавацца на працу ў лагістычную кампанію, якую яму параілі ўкраінскія сябры. А потым патэлефанаваў і расказаў, што затрыманы», – кажа Ірына.

Жанчына звярнулася ў МЗС Беларусі і пасольства Беларусі ва Украіне. Але беларускага консула ва Украіне да Юрыя не пускалі на працягу двух тыдняў, а сама жанчына змагла прыехаць у Кіеў, куды затрыманага перавезлі з Чарнігава, толькі ў пачатку ліпеня. Затрыманы паведаміў маці, што на мяжы яго затрымалі невядомыя людзі, катавалі і шляхам шантажу спрабавалі атрымаць прызнанні ў шпіянажы.

«Сваё дзіця я не пазнала, гэта быў запалоханы звярок, нашпігаваны псіхатропамі. Менавіта пасля катаванняў і актыўнага псіхалагічнага прэсінгу мой сын, баючыся за сваё жыццё, быў вымушаны даць паказанні», – кажа Ірына.

Жанчына распавядае, што ў Юрыя ёсць сурʼёзныя праблемы са здароўем, ён інвалід, і яна баіцца, што стан сына мог сурʼёзна пагоршыцца. Яна ўпэўненая, што шпіянажам сын не займаўся, усе паказанні даваў пад ціскам.

КА, belsat.eu, паводле TUT.BY

Стужка навінаў