Суд па справе «беларускага шпіёна» пачнецца ў лютым-сакавіку


Затрыманаму ва Украіне 32-гадоваму грамадзяніну Беларусі Юрыю Палітыка вынеслі абвінаваўчае заключэнне паводле ч. 1 арт. 114 Крымінальнага кодэксу Украіны «Шпіянаж».

Беларусу пагражае ад 8 да 15 гадоў турмы. Цяпер Юры Палітыка знаходзіцца ў СІЗА Чарнігава.

Пра гэта паведамляе TUT.by.

Консул амбасады Беларусі ва Украіне Сяргей Бобаў распавёў Свабодзе, што спачатку (не раней, чым праз 2 тыдні) мае адбывацца падрыхтоўчае судовае паседжанне ў гэтай справе, а ўжо на падрыхтоўчым паседжанні мусіць быць ухвалена рашэнне пра дату пачатку судовага разгляду справы па сутнасці. У амбасадзе мяркуюць, што разгляд справы пачнецца або ў апошнія дні лютага, або ў першыя дні сакавіка. Суд, хутчэй за ўсё, будзе адкрытым.

Нагадаем, беларуса затрымалі ў момант праходжання пашпартнага кантролю пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Украіны на тэрыторыі памежнага пункта «Новыя Ярылавічы» 16 чэрвеня 2017 года. З пункту гледжання ўкраінскіх праваахоўнікаў, затрыманы беларус, дзейнічаючы ў інтарэсах трэцяга боку, збіраў на тэрыторыі Украіны звесткі аб правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. Атрыманую інфармацыю ён зашыфраваў і захоўваў на карце памяці свайго мабільнага тэлефона. Цяпер беларус знаходзіцца ў СІЗА горадзе Чарнігаў.

Напачатку студзеня 2018 года шэраг беларускіх недзяржаўных СМІ апублікавалі ліст затрыманага беларуса Юрыя Палітыкі ў амбасаду Беларусі ў Кіеве, дзе ён сцвярджае, што ўсе паказанні даваў пад катаваннямі, ніколі не працаваў на беларускі КДБ, не збіраў сакрэтныя звесткі для Расеі. Таксама быў апублікаваны ліст маці затрыманага беларуса з просьбай аб дапамозе.

Генеральная пракуратура Беларусі заявіла пра «абгрунтаваныя сумневы ў наяўнасці прыкметаў шпіянажу ў дзеяннях затрыманага» і назвала крымінальную справу супраць беларуса «палітычнай».

СБУ заяву Юрыя Палітыкі пра катаванні зняпраўдзіла.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў