Спартовыя клубы Беларусі віншуюць з Новым годам па-беларуску


Футбалісты, баскетбалісты і гандбалісты віншуюць беларусаў на роднай мове.

Чэмпіён Беларусі па гандболе БГК імя Мяшкова (Берасце), футбольны клуб «Крумкачы» і баскетбалісты «Цмокаў-Менск» павіншавалі сваіх прыхільнікаў з Новым годам па-беларуску.

Найбольш цікавы ролік прысвечанай Новаму году выпусціў Берасцейскі гандбольны клуб. У ім віншаванні па-беларуску гучаць ад дзевяці гульцоў «мяшкоўцаў». З Новым годам віншуюць не толькі гульцы нацыянальнай зборнай Беларусі Віталь Чарапенька, Сяргей Шыловіч, Дзмітрый Камышык, Максім Баранаў, Максім Бабічаў, Дзмітрый Нікуленкаў, але і легіянеры берасцейскага клубу – харват Люба Вукіч, серб Растка Стойкавіч і расяянін Павел Ацьман. Нагадаем, што ў гэтым годзе БГК у сёмы раз стаў чэмпіёнам краіны і восьмы раз перамог у Кубку Беларусі, і ўпершыню ў сваёй гісторыі выйшаў у плэй-офф Лігі чэмпіёнаў.

Свой ролік па-беларуску зняў і футбольны клуб «Крумкачы». Сёлета «Крумкачы», створаныя ў 2011-м, сенсацыйна заваявалі пуцёўку з першай лігі ў Вышэйшую. Мяркуецца, што ў элітным дывізіёне менскі клуб будзе пашыраць выкарыстоўванне беларускай мовы.

А вось лепшы баскетбольны клуб краіны «Цмокі-Менск» у гэтым годзе на сваёй афіцыйнай старонцы цалкам адмовіўся ад расейскай мовы, і хоць клуб не зняў ніякіх ролікаў на сваім сайце звярнуўся з віншаваннямі па-беларуску:

«Цмокі-Менск» віншуюць усіх сяброў нашай вялікай баскетбольнай сямʼі з надыходзячы мі святамі! Гэта быў няпросты і цікавы год, але мы верым, што толькі разам у далейшым здолеем дамагчыся яшчэ больш уражвальных вынікаў! Мы жадаем вам моцнага здароўя, дабрабыту, кахання і цеплыні, асабістай рэалізацыі і здзяйснення самых дзёрзкіх і рызыкоўных планаў. Хай наступны год ажыццявіць усе фантазіі і мэты і прынясе вам тое, пра што вы марыце. Мы з аптымізмам і азартам пачынаем новую старонку гісторыі нашага клубу і спадзяемся, што 2016 год вы правядзіце разам з «Цмокамі»!

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Стужка навінаў