«Спачатку ў нас была паніка», – сваякі японца Даіці Ёсіда, якога адпусцілі з беларускай турмы


Маці і брат Даіці Ёсіда. скрыншот Белсат

Блізкія японскага мастака Даіці Ёсіда, які амаль два гады правёў у беларускіх калоніях, прыляцелі ў Менск. 22 траўня, яго нарэшце адпусцілі і сям’я зможа вярнуцца ў Японію. Напярэдадні belsat.eu пагутарыў з маці і братам Даіці.

У жніўні 2016 года Даіці прыбыў у Нацыянальны аэрапорт Менск транзітам з Кіева. З сабой ён вёз састаўныя часткі антыкварнай зброі, якую набыў ва Украіне для прыватнай калекцыі. Даіці сцвярджаў, што служба бяспекі ў аэрапорце Кіева праверыла іх, сфатаграфавала і дазволіла пранесці на борт самалёту. Аднак у Менску мужчыну затрымалі па падазрэнні ў нелегальным перамяшчэнні агнястрэльнай зброі. Як распавядаюць ягоныя блізкія, у пратаколе затрымання ўсё было напісана па-расейску, пісьмовага перакладу ні на ангельскую, ні на японскую мову, замежнаму грамадзяніну не прапанавалі.

У красавіку 2017 года Кастрычніцкі раённы суд Менску пакараў японца 4 гадамі і 6 месяцамі зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

«Калі Даіці затрымалі, нам патэлефанаваў нейкі загадкавы чалавек, які назваўся «адвакатам» і сказаў, што здарылася, але без дэталяў. Я патэлефанавала ў амбасаду Японіі ў Менску, і там пацвердзілі затрыманне. Мы не разумелі, як такое магло адбыцца, у нас пачалася паніка. Гэта была сапраўдная паніка, мы былі так далёка і не ведалі, ці можна неяк увогуле дапамагчы Даіці», – кажа маці, Ёка Ёсіда.

Паводле слоў брата, Сэя Ёсіда, усе знаёмыя і сябры сям’і вельмі здзівіліся, калі даведаліся пра затрыманне Даіці ў Беларусі:

«У Японіі гэта было б абсалютна немагчыма! Пасля гісторыі з Даіці шмат у каго ў Японіі склалася негатыўнае ўражанне пра Беларусь».

Асобна Сэя распавядае, што кожны раз, каб пабачыць Даіці, маці даводзілася атрымліваць пісьмовы дазвол праз пракурора і амбасаду. Усяго Ёка дазволілі пабачыць сына каля дзесяці разоў.

Сваякі Даіці паказваюць на тэлефоне ягоныя малюнкі, скрыншот Белсат

«Самая жудасная турма была ў Жодзіна. Брат распавядаў, як у камеру на 10 месцаў саджалі па 15 асобаў. Людзі ляжалі проста на жалезных ложках, матрацаў не хапала. Па камеры поўзалі прусакі, шмат прусакоў», – кажа Сэя.

«Яшчэ пасля затрымання сын правёў тыдзень у шпіталі з расстройствам страўніка, і пасля ў турме ён пакутаваў праз антысанітарыю», – дадае Ёка.

Маральны і фізічны станДаіці, паводле слоў блізкіх, моцна пагоршыўся за час, праведзены ў турмах.

Каб прыцягнуць увагу грамадскасці і дамагчыся міжнароднага рэзанансу, блізкія асуджанага японца стварылі ў сацсетках суполку «Support for Daichi», дзе публікавалі малюнкі Даіці, ягоныя паштоўкі, дакументы.

«Большасць тых, хто падтрымліваў нас – беларусы. Яны разумелі – Даіці патрапіў у несправядлівую сітуацыю. Людзі казалі цёплыя словы, дасылалі брату ежу, ліставаліся з ім», – кажа Сэя.

Маці і брат мастака двойчы звярталіся асабіста да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай паспрыяць вызваленню. Яны ўпэўненыя, што гэта дапамагло. Прайшло амаль два гады, і ўрэшце судовая калегія Вярхоўнага суду ў крымінальных справах разгледзела справу Ёсіда на пратэст старшыні Вярхоўнага суду. Старшыня ВС звярнуў увагу на празмерную жорсткасць пакарання для замежніка і суд пастанавіў змякчыць пакаранне.

Як распавялі belsat.eu сваякі Даіці, сёння яго вывезлі з папраўчай калоніі Віцьба-3 і накіравалі ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі ў Віцебску. Там ён мусіць прабыць 24 гадзіны.

«Мы не паехалі ў Віцебск, бо не бачым сэнсу. Пабачыцца ў міграцыйным цэнтры ўсё адно не дазволілі, таму будзем чакаць сустрэчы ўжо ў аэрапорце, куды сына даставяць заўтра прыкладна а 12-й гадзіне дня», – гаворыць Ёка.

Яна сцвярджае, што супрацоўнікі міліцыі, імаверна, давядуць Даіці наўпрост да пашпартнага кантролю і толькі пасля сям’я зможа зноў аб’яднацца і разам вылецець у Варшаву, а потым у Токіа.

***

За апошні час у Беларусі адбыліся яшчэ дзве рэзанансныя гісторыі з затрыманнем замежных грамадзянаў. Гэтак, у 2017 годзе брытанца Алана Пола Сміта асудзілі за арганізацыю незаконнай міграцыі на 2 гады. Ягоныя блізкія таксама шукаюць падтрымання праз сацсеткі і збіраюцца накіраваць зварот да Лукашэнкі.

Затрыманаму ў верасні на беларуска-украінскай мяжы французу Жалану Віё пагражала да 7 гадоў зняволення. У яго знайшлі адзін патрон. Праз ціск грамадскасці і дыпламатаў, а таксама вялікі розгалас у замежнай прэсе, Віё прызналі невінаватым і 20 лістапада 2017-га адпусцілі з залі суду.

Каця Андрэева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары