Следчы Камітэт ці Сляпое Кацяня?


«Пакараць міліцыянта за злачынства, учыненае ў імя «палітычнай стабільнасці»? Прасцей прыкінуцца сляпым» – піша Зміцер Ягораў.

Следчы камітэт даслаў «графіцісту» Касінераву адказ на ягоную скаргу. Следчым не ўдалося выявіць, хто зламаў маладзёну сківіцу ў двух месцах, хоць напэўна меў «на руках» прозвішчы тых, хто быў сведкам здарэння. У гэтым спісе – і прозвішча таго, хто збіваў чалавека з заламанымі і скаванымі кайданкамі рукамі.

Гэтая гісторыя здарылася ў жніўні 2015 ды ўвайшла ў топ парушэнняў правоў чалавека «Дзікія гісторыі». Міліцэйскаму начальству карцела знайсці тых, хто запэцкаў фарбаю «сацыяльны білборд» з выяваю чалавека ў пагонах. Гэта ж якая ганьба! Якая пляма на мундыры! Але да сапраўдных плямаў мы яшчэ вернемся.

«Беларусь мае быць беларускай» – чым не хуліганскі антыпрэзідэнцкі заклік з прыкметамі тэрарызму з узломам? Ды яшчэ той білборд… Сапраўднае «отягчающее».

Гэтак мы ледзь не атрымалі новых палітзняволеных, на шчасце, абышлося штрафамі.

Арыштоўваць асабліва небяспечных злачынцаў выправілі байцоў Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання. Адзін з іх і зламаў сківіцу Вячаславу Касінераву. Зламаў не падчас нейкай штурханіны ці актыўнага супраціўлення, а калі Касінераў быў ужо затрыманы і скаваны кайданкамі.

Паводле Касінерава, у Следчым камітэце яму намякалі, што можа яго выпадкова зачапілі, калі адчынялі дзверы, ці можа ён сам паслізнуўся і зламаў сківіцу аб лесвіцу. А можа ўвогуле – «так і было» яшчэ да затрымання? Следчая Грамадская падрабязна распытвала пацярпелага і спрабавала знайсці адказы на гэтыя пытанні.

Падобна, што не знайшла, як і ейная калега следчая Мельнікава, якая падпісала ліст, у якім гаворыцца пра прыпыненне папярэдняга следства па справе. «У сувязі з не ўстанаўленнем асобы, што падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага» – такая фармулёўка. Вінаватых – няма.

kasinerau-adkaz-sledchy

Што ж гэта? У СК не змаглі «раскалоць» аператыўнікаў, якія бачылі як ламалі сківіцу скаванаму кайданкамі чалавеку? Ці «не было такой задачы»?

Аў, СК! Вы на сваім сайце пытаеце наведнікаў, якім мусіць быць кожны следчы. Вы ўжо можаце паглядзець адказы: для большасці важнае справядлівасць і адказнасць.
Untitled 1

Дык пакажыце на справе, што грамадзяне не дарма маюць такія чаканні. Ёсць пацярпелы, ёсць сведкі злачынства (аператыўнікі-міліцыянты, па ідэі – з крыштальным сумленнем, усё распавядуць), ёсць урэшце злачынец. Не сама ж сківіца зламалася ў Касінерава?

Але пакараць міліцыянта за злачынства, учыненае ў імя «палітычнай стабільнасці»? Відаць, прасцей прыкінуцца, што расшыфроўка СК – гэта Сляпое Кацяня. Бездапаможнае і слабое, няздольнае на незалежныя дзеянні.

Нікому не падабаецца, калі на ўсіх разам ставяць кляймо – ці на міліцыянтаў, ці на следчых, ці на суды. Толькі ў гэтай гісторыі «паліваюць брудам» праваахоўнікаў… самыя праваахоўнікі. Першае вядро бруду выліў на сваіх таварышаў баец спецатраду, потым – СК. Да суду справа не дайшла, можа і добра. Беларуская судовая мантыя і так даўно ўся ў плямах.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары