Следчы камітэт падрыхтаваў памятку для паводзінаў у ВК і «Аднакласніках»


Следчы камітэт Беларусі паведамляе аб значным росце злачынстваў у сферы інфармацыйнай бяспекі. Ад пачатку года ў Беларусі распачалі на 8,8% больш спраў па арт. 349 (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі) і 212 (крадзеж шляхам выкарыстання кампутарнай тэхнікі) Крымінальнага кодэкса, чым за аналагічны перыяд 2016 года.

Як паведамляе сайт СК, у 2017 годзе ашуканцы неаднаразова ўзломвалі асабістыя старонкі карыстальнікаў «Вконтакте» і, дзейнічаючы ад іх імя, накіроўвалі карыстальнікам з катэгорыі «сябры» асабістыя паведамленні з просьбай даць ім рэквізіты банкаўскіх плацежных картак.

«Гэтыя просьбы накіроўваліся на розных падставах: аказання дапамогі пры пераводзе грашовых сродкаў, аплаце паслуг, атрымання выйгрышу. Пры гэтым зламыснікі выкарысталі стыль зносін карыстальнікаў, да старонак якіх быў ажыццёўлены несанкцыянаваны доступ. У далейшым пры атрыманні рэквізітаў і кодаў доступу да рахункаў банкаўскіх плацежных картак, злачынцы здзяйснялі несанкцыянаваныя аперацыі. Грашовыя сродкі пералічваліся на рахункі арганізацыяў, зарэгістраваных па-за межамі Рэспублікі Беларусь», – паведамляюць у СК.

Следчы камітэт раіць карыстальнікам сацсетак «Вконтакте» і «Аднакласнікі» выконваць наступныя меры засцярогі:

– ня пераходзіць па спасылках, атрыманых у паведамленнях ад невядомых карыстальнікаў, асабліва па спасылках, якія змяшчаюць фотавыявы саміх карыстальнікаў (або іх сяброў), тэкставыя паведамленні: «адкуль тут тваё фота», «клікні і атрымай 50 лайкаў да фота» ды іншыя;

– пры паступленні паведамленняў ад асоб, якія знаходзяцца ў катэгорыі «сябры» з просьбамі аб прадастаўленні рэквізітаў банкаўскіх плацежных картак, не адказваць на падобныя паведамленні, а звязвацца з дадзенымі карыстальнікамі наўпрост з дапамогай іншых сродкаў сувязі;

– ня перасылаць рэквізіты і фотавыявы банкаўскіх плацежных картак, CVV кодаў, сеансавых ключоў да сістэмы Інтэрнэт-банкінг, а таксама асабістых дакументаў;

– пры выяўленні факту блакавання асабістага доступу да акаўнтаў сацыяльных сетак, неадкладна аднаўляць да іх доступ альбо блакаваць, адразу ж папярэджваць пра гэта асоб, з якімі мелі зносіны з дапамогай дадзеных сацыяльных сетак;

– не пералічваць грашовыя сродкі на рахункі электронных кашалькоў, банкаўскіх плацежных картак або сім-карт па просьбе карыстальнікаў.

 

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары