Сілавікі разагналі імправізаваны пікет прадпрымальнікаў


Паверылі дзяржаве і далі $ 9 млн. на будоўлю гандлёвага цэнтру «Імпульс-два» у сталіцы. Але гандлёвых плошчаў так і не атрымалі. Цяпер каля двухсот прадпрымальнікаў пачуваюцца падманутымі і ўжо гадамі шукаюць праўды па судах.

Сённяшні працэс у Вярхоўным судзе завяршыўся імправізаваным пікетам і разгонам прадпрымальнікаў сілавікамі. Аднак – без выраку па самой справе.

Сёння Вярхоўны Суд Беларусі так і не прыняў рашэння ў нашумелай справе новага гандлёвага цэнтру, гэтак званага «Імпульсу-два» ў Менску. Збудавалі яго на грошы прадпрымальнікаў, а гандлёвыя месцы прадпрымальнікам гэтак і не прадставілі.

«Аднойчы паверылі дзяржаве, і гэта быў апошні раз», – кажуць самыя прадпрымальнікі. Забудова цэнтру пачалася з дазволу Менгарвыканкаму яшчэ на пачатку 2000-ых, да долевага будаўніцтва шырока заклікала рэклама ў медыях. І хоць памяшканні даўно збудаваныя, дамову з гандлярамі падпісваць не спяшаюцца. Падманутымі аказаліся 180 дольнікаў. А суды цягнуцца некалькі гадоў.

«Людзі ўжо некаторыя думаюць аб суіцыдзе, таму што ну абсалютна нічога, нічога нельга зрабіць, нічога!», – з роспаччу кажа адзін з прадпрымальнікаў.

Сённяшні судовы працэс паміж дольнікамі, інвестарам і забудоўнікамі чарговы раз нічога не вырашыў, і справа была перанесеная на панядзелак.

«Для нас «час Х» настаў, і гэта панядзелак. Або будзе рашэнне аб скасаванні інвестыцыйнай дамовы, і для нас усіх гэта будзе трагедыя – эканамічная, глабальная. Або будзе рашэнне адмяніць гэтае скасаванне дамовы», кажа адзін з дольнікаў Уладзіслаў.

Прадпрымальнікі лічаць, што пэўным асобам выгодна зацягваць судовы працэс да бясконцасці, і падазраюць у гэтым прадстаўнікоў Заводу вылічальнай тэхнікі, на базе якога ішло будаўніцтва, інвестараў і самых забудоўнікаў.

«Пакуль мы прыхільнікі таго, што гэта канкрэтныя карупцыйныя дзеячы, якія намагаюцца здзейсніць рэйдарскі захоп у Беларусі, я думаю, што гэта прэцэдэнт, такога яшчэ не было, але яны ідуць да сваёй мэты», – падкрэсліў дольнік Уладзіслаў.

Каб прыцягнуць увагу да сваёй праблемы, насупраць будынку Вярхоўнага Суда дольнікі зладзілі імправізаваны пікет, звяртаючыся да прэзідэнта. Але хутка былі разагнаныя прадстаўнікамі сілавых структураў.

«Сума, якую мы ўклалі, складае $ 9 млн. Уяўляеце, якая гэта сума! І людзі ўжо паміраюць, яны хварэюць, яны ўжо ўсё, яны згубілі ўсё, ужо адпусцілі, як кажуць, наплявалі ўжо, яны не могуць ужо з гэтым змагацца! І я ў тым ліку. Я прадаў і кватэру і машыну сваю, і я цяпер не ведаю, што мне рабіць!», – падзяліўся адзін з дольнікаў Аляксандр.

Цягам некалькіх гадоў дольнікі звяртаюцца ў вышэйшыя інстанцыі, у пракуратуру, абіваюць парогі чыноўнікаў, а таксама перадавалі зварот да прэзідэнта. Але самыя ўлады намагаюцца гандлёвы аб’ект перапрадаць.

Таццяна Уласенка, «Белсат»

Стужка навінаў