Што для Пуціна галоўнае на выбарах? Інтэрв’ю з Валерыяй Касцюговай


Ці для гаспадара Крамля важная яўка на выбарах? Ад каго залежаць лідары Беларусі ды Расеі? Што Расея хацела паказаць атакай супраць Вялікай Брытаніі?

Інтэрв’ю Дзмітра Міцкевіча з палітолагам Валерыяй Касцюговай.

На вашую думку, што галоўнае для Пуціна падчас гэтых выбараў? Ці пытанне яўкі настолькі важнае для яго, як пра гэта кажуць эксперты?

Я б сказала, што самае галоўнае для Пуціна на гэтых выбарах – перадухіліць масавыя пратэсты. Зразумела, што іх пазбегнуць немагчыма, але зрабіць іх менш масавымі і стварыць уражанне магчыма нейкімі прэвентыўнымі мерамі, для таго, каб і менш людзей і менш медыйных асобаў прымалі ўдзел у гэтых пратэстах. Што датычыць яўкі, я лічу, што ні для беларускага ні для расейскага рэжыму яўка ўжо даўно не зʼяўляецца чымсьці важным.

Паколькі абодва лідара за гады свайго кіравання даўно ўжо перайшлі з масавага падтрымання на элітарнае. І фактычна яны залежаць толькі ад падтрымання элітаў. Яны цалкам зрэжысэраваныя. Таму яўка фактычна тут ніякай ролі не грае. Яна і не патрэбная. Але вядома ж для стварэння ілюзіі яўкі, дакладней, нейкай ілюзіі прымусу да яўкі – гэта так, зʼяўляецца такім элементам, які дазваляе праверыць лаяльнасць гэтых элітаў, якія павінны забяспечыць гэтыя высокія лічбы яўкі.

Незалежна ад ад таго, якая яна была рэальная. Я лічу, што ўсе інфармацыйныя кампаніі, якія дэманструюць нібыта прымус да яўкі, у рэчаіснасці ствараюць дымавую заслону над гэтай яўкай.

Мы нават публікавалі пра ўваход у сацыяльныя сеткі разнастайных расейскіх праўрадавых агенцтваў для таго, каб ствараць там нейкую рэкламу і заклікаць да яўкі. Я думаю, гэта хутчэй зачын на будучыню. Вельмі цікавы досвед – спроба спаборніцтва ў сацыяльных сетках з незалежнымі блогерамі ды іхнай куплі. Але гэта відавочна спатрэбіцца ў іншых выпадках.

Як вы ацэньваеце верагоднасць гэтых масавых пратэстаў?

Пратэсты ўвогуле непазбежныя. А іх масавасць дакладна не спрагназуеш, таму што яна шмат у чым залежыць ад рэпрэсіўных практык уладаў. Калі будуць прынятыя меры, а яны несумненна будуць, то масавасць іх можа сурʼёзна пацярпець. Хоць ход самой кампаніі паказвае, што дастаткова высокі ўзровень агрэсіі і незадаволенасці ў масах.

Чаго Беларусі варта чакаць пасля выбараў? Ці зменіцца стаўленне РФ і яе элітаў да нас?

Жыццё ідзе сваім парадкам. Вядома нейкія навіны непазбежныя. Г.зн. непазбежныя нейкія гандлёвыя спрэчкі, спрэчкі праз інтэрпрэтацыю мытнага кодэкса, спрэчкі праз інтэрпрэтацыі кантрольных межаў. Усе гэтыя спрэчкі непазбежныя, і яны абавязкова паўстануць, але я не бачу ў гэтым нічога звыш новага. Г.зн. змены ў палітыцы Расеі ў дачыненні да Беларусі, мне здаецца, не варта чакаць.

Дарэчы, пытанне з малочнымі прадуктамі, якое цяпер вельмі актуальнае. Ці гэта не жаданне Расеі паказаць перад выбарамі, што глядзіце, мы імпартазамяшчальныя?

Каму гэта цікава і каму гэта паказваць? Я проста нават не разумею палітычны сэнс. Каму паказаць, расейскім выбарцам гэта цікава? Не. Ды ўласна і самі расейскія выбарцы не цікавыя расейскім уладам. Гэта рэальна пытанні бізнесу. Г.зн. выцясненне мацнейшымі лабістамі аслабленых, вось і ўсё.

Ці вы верыце, што Расея сапраўды арганізавала гэтую атаку ў Вялікай Брытаніі, і якім чынам гэта можа паўплываць на далейшае становішча гэтай краіны на міжнароднай арэне і ўвогуле на сітуацыю ўнутры?

Усё гэта складаецца ў вельмі трывожную рэальную сітуацыю. Расея хацела б паказаць, што яна ўяўляе небяспеку. Так, гэты мэсідж быў пачуты, што яна ўяўляе небяспеку. Нейкія мабілізацыйная і санкцыйныя меры прымаліся і да гэтага. Я лічу, што ў далейшым яны будуць узмацняцца, ізаляцыя Расеі нарастаць.

Што да матываў, я ўжо казала, што адзіны галоўны актор расейскіх выбараў на шэрагу з Пуціным – гэта расейскія эліты. Для іх як раз, калі гэта сапраўды акцыя помсты, даволі істотна важна.

Бо з моманту ўключэння санкцый лік мільярдэраў у Расеі скарачаецца праз тое, што мільярдэры пераязджаюць у іншыя краіны разам са сваймі капіталамі. Гэты момант вельмі важны. Каб яны не думалі, што гэта так лёгка можна зрабіць.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою

Стужка навінаў