Нацыянальны банк пакуль не развязаў пытання з нястачаю валюты ў абменніках. 19 снежня першы намеснік старшыні кіравання Нацыянальнага банку Тарас Надольны заяўляў, што яны замовілі грошы ў замежных банках, «самалёты ўжо на падлёце», і валюта з’явіцца ў абменніках у дастатковай колькасці бліжэйшым часам, піша «Еўрарадыё».
Аднак сітуацыя з валютай застаецца напружанай: долараў у абменніках няма і яны працуюць па схеме «што здалі людзі, тое і прадаюць».
Пры гэтым прэм’ер-міністр краіны Міхаіл Мясніковіч упэўнены, што ў Беларусі валюты пад поўную патрэбнасць насельніцтва няма і быць не можа.
«Сёння ў насельніцтва ёсць выбар: або не купляць долараў, або купіць іх з камісіяй 30 %. У нас у краіне столькі долараў няма і не можа быць, каб задаволіць запыт на валюту ў поўнай патрэбе».
19 снежня ў Беларусі ўвялі збор 30 % пры набыцці валюты.
ДР, belsat.eu