Руская праваслаўная царква (РПЦ) прыняла рашэнне спыніць еўхарыстычныя зносіны з Канстанцінопальскім патрыярхатам, паведамляе прэс-служба РПЦ. Такім чынам Масква адрэагавала на рашэнне Святога Сінода Канстанцінопальскай царквы.
«15 кастрычніка ў Менску, была прынятая заява Святога Сінода [РПЦ. – Заўв. Belsat.eu] у звязку з замахам Канстанцінопальскага Патрыярхату на кананічную тэрыторыю Рускай Праваслаўнай Царквы», – гаворыцца ў паведамленні РПЦ.
Беларуская праваслаўная царква падтрымала рашэнне РПЦ.
11 кастрычніка Святы Сінод Канстанцінопальскай царквы пастанавіў зняць анафему з непрызнаваных Маскоўскім патрыярхатам лідараў Кіеўскага патрыярхату і Украінскай аўтакефальнай царквы. Таксама Канстанцінопальскі патрыярхат адмяніў акт 1686 года аб падпарадкаванні Кіеўскай мітраполіі Маскве і абвесціў, што можа надаць Томас – дазвол на аўтакефалію адзінай памеснай украінскай праваслаўнай царквы.
15 кастрычніка ў Менску ўпершыню ў гісторыі адбылося паседжанне Святога Сіноду РПЦ, на якім абмяркоўвалася магчымае атрыманне аўтакефаліі Украінскаю праваслаўнаю царквой. Пасля паседжання Валакаламскі мітрапаліт Іларыён даў прэс-канферэнцыю. Рашэнні Канстанцінопаля прадстаўнік РПЦ назваў «кананічна нікчэмнымі».
Эўхарыстычныя зносіны – магчымасць вернікаў браць удзел у сакрамантах іншай царквы, кананічнае адзінства цэркваў.
ЮВ, belsat.eu