Лукашэнка сустрэўся з патрыярхам Кірылам і выказаўся наконт расколу Царквы

ВІДЭА

Патрыярх Кірыл і Лукашэнка. Крыніца - president.gov.by

У Менску адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка Рускай праваслаўнай царквы патрыярха Кірыла. Лукашэнка падчас размовы заявіў пра небяспеку расколу Царквы.

«На жаль, наша Царква вельмі часта ў гісторыі станавілася закладніцай міждзяржаўных адносінаў. Часам нашых няправільных учынкаў, – цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба. – Вы павінны ведаць нашу непахісную дзяржаўную пазіцыю, што раскол – гэта заўсёды дрэнна. І гэта дрэнныя наступствы. Наступствы небяспечней за ўсё. Таму мы вельмі балюча ставімся да таго, што адбываецца сёння ў праваслаўі».

Лукашэнка пажадаў патрыярху Кірылу мудрасці і цярпення.

«Мы як прыхаджане будзем старацца падтрымліваць яднанне ўсіх працэсаў, каб захаваць мір на зямлі. Ужо занадта блізка мы падышлі да небяспечнай рысы», – адзначыў ён.

Патрыярх Кірыл прыбыў з візітам у Беларусь 13 кастрычніка. Сёння ў Менску ўпершыню ў гісторыі мусіць адбыцца паседжанне Святога Сіноду. Чакаецца, што на паседжанні будзе абмяркоўвацца магчымае атрыманне аўтакефаліі ўкраінскай праваслаўнай царквой, што катэгарычна асуджае Масква.

Нагадаем, на мінулым тыдні Усяленскі патрыярхат пастанавіў зняць анафему з непрызнаваных Маскоўскім патрыярхатам лідараў Кіеўскага патрыярхату і Украінскай аўтакефальнай царквы. Канстанцінопальскі патрыярхат адмяніў акт 1686 года аб падпарадкаванні Кіеўскай мітраполіі Маскве і абвесціў, што можа надаць Томас – дазвол на аўтакефалію адзінай памеснай украінскай праваслаўнай царквы. У канфлікце паміж Маскоўскім і Канстанцінопальскім патрыярхатам з-за пытання аўтакефаліі, то бок незалежнасці ўкраінскае праваслаўнае царквы, беларуская царква цалкам заняла бок Рускага праваслаўя.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары