Рагачоўскі суд аштрафаваў незалежных журналістаў Наталлю Крывашэй і Кастуся Жукоўскага


Незалежных журналістаў з Гомлю вінавацяць у супрацы з «Белсатам».

Яны аштрафаваныя паводле ч.2 арт.22.9 КаАП – кожны на 35 базавых велічыняў (па 6 млн 300 тыс.рублёў), паведамляе ГА «БАЖ».

Штраф быў прысуджаны на падставе адміністрацыйнага пратаколу, які склад начальнік аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі Рагачоўскага РАУС, падпалкоўнік міліцыі Юрый Астаповіч.

Наталлю Крывашэй і Кастуся Жукоўскага вінавацяць у «незаконным вырабе» відэасюжэту «Несалодкі смак крызісу. Чаму рагачоўская згушчонка застаецца на складах?», які 14 траўня быў паказаны ў эфіры «Белсату».

На судзе журналісты не прысутнічалі, позваў яны не атрымлівалі.

«Нечага іншага, апрача штрафаў, чакаць ад судоў не выпадае. У краіне крызіс. І спецслужбы, і міліцыя разам з судамі знайшлі адносна лёгкі спосаб папаўнення бюджэту – праз грамадскіх актывістаў і журналістаў-фрылансераў», – пракаментавала рашэнне суда Наталля Крывашэй.

Для яе сёлета гэта быў чацвёрты суд па аналагічных адміністрацыйных справах, Кастуся Жукоўскага судзілі ўжо ў сёмы раз.

Агулам у Беларусі сёлета суды ўжо 24 разы штрафавалі журналістаў-фрылансераў паводле арт.22.9 КаАП. Сума штрафаў перавысіла 129 млн рублёў.

НМ, belsat.eu, паводле baj.by

Стужка навінаў