Работнікі Маладзечанскага заводу металаканструкцыяў: Возім свае сем’і ў завадскую сталоўку, каб паесці ў доўг


Паводле намесніка генеральнага дырэктара па ідэалогіі Аляксандра Саўчыца, сітуацыя зменіцца, калі ўваскрэсне Расея.

У сталоўцы абеды даюць паводле пропускаў. Пазначаюць нумар і потым вылічваюць суму з заробкаў. На абед некаторыя ходзяць з сям’ёй, каб паесці ў доўг, піша «Рэгіянальная газета».

– Мы для сваіх сем’яў сталі абузай з-за таго, што каторы месяц не прыносім дамоў заробак, – гавораць рабочыя ЗМК, якія стаміліся ад пустых абяцанняў кіраўніцтва і ў панядзелак выйшлі на забастоўку.

8 чэрвеня кіраўніцтва заводу абяцала да пятніцы выплаціць 50 % заробку за красавік.

– Грошы пералічылі ў чацвер пасля 10 вечара. Да 15-га абяцаюць выплаціць астатняе. Калі гэтага абяцання не выканаюць, мы зноў спынім працу. Заробак за красавік выплацілі толькі пасля візіту на прадпрыемства Сямёна Шапіры (кіраўнік Менаблвыканкаму).

На заводзе карэспандэнты «Рэгіянальнай газеты» сталі сведкамі дыялогу паміж працаўнікамі і канструктарамі.

– Калі вы будзе баставаць у панядзелак, дайце ведаць і нам. Мы не хочам заставацца ў баку.

І работнікі, і канструктары адзінагалосна пагаджаюцца, што ад звальнення іх стрымліваюць інтэрнаты, дзе яны жывуць, ды тое, што цяпер вельмі цяжка знайсці іншую працу.

– Асабліва цяжка тым, хто на заводзе працуе сем’ямі, а такіх тут шмат, – адказваюць рабочыя.

Прафсаюз дапамагаць не хоча.

– Калі мая жонка пайшла ў дэкрэт, – кажа адзін з работнікаў, – нават дапамогу на дзіця выплацілі не адразу, а толькі пасля скаргаў.

– А што загадаеце рабіць нам з разліковымі лістамі? Хадзіць у краму з імі? І прасіць прадаваць прадукты «на вэксаль», як гэта робяць у нас у сталовай.

Кіраўніцтва заводу называе забастоўку «сустрэчаю з працоўным калектывам»

– На нас там паглядзелі, як на мурзатых іншапланетнікаў. Тады сталі тэлефанаваць на ўсе магчымыя гарачыя лініі. Але ніхто нідзе не браў слухаўкі, акрамя інспекцыі ў пытаннях працы.

– Асабліва крыўдна, што кіраўніцтва заводу назвала нашую адмову працаваць без грошай «сустрэчаю з працоўным калектывам».

Адзіным выйсцем з такога становішча рабочыя бачаць у змене кіраўніцтва:

– Надакучыла слухаць казачнікаў!

Намеснік генеральнага дырэктара па ідэалогіі Аляксандр Саўчыц: «Безумоўна, мы будзем імкнуцца выплаціць даўгі па заробках. Вельмі спадзяюся на тое, што да панядзелка ўдасца выплаціць хаця б 10-20 % заробку. Але ідзецца пра красавіцкія заробкі, што будзе з заработнымі платамі за травень, я не ведаю. Грошай няма».

Сёння даўгі па банкаўскіх крэдытах складаюць Br 54 млрд, за электрычнасць прадпрыемства мусіць заплаціць Br 4 млрд.

Апошні буйны аб’ект, на які працаваў ЗМК, была менская «Чыжоўка-арэна», якую будавалі да чэмпіянату свету па хакеі.

Цяпер, кажа Аляксандр Саўчыц, замоваў няма. І завод працуе на 5-10 % ад сваёй магутнасці.

На пытанне, ці зменіцца сітуацыя на заводзе з прыходам новага кіраўніка, Аляксандр Саўчыц адказаў:

Дай бог, каб змянілася. Хаця справа ж не ў кіраўніцтве. Сітуацыя зменіцца тады, калі ўваскрэсне Расея, адзіны пакуль рынак збыту.

ЮВ, belsat.eu, паводле rh.by

Стужка навінаў