Пуцін прапаноўвае Кіеву новы канстытуцыйны лад


Прэзідэнт Расеі назваў свае ўмовы стабілізацыі ва Украіне ў інтэрв’ю егіпецкай штодзённай газеце «Аль-Ахрам» напярэдадні візіту ў Каір.

Ключавой умовай для пачатку стабілізацыі сітуацыі ён назваў спыненне Кіевам ваеннай аперацыі ў Данецкай і Луганскай абласцях і адмова ад спроб эканамічна блакаваць Данбас.

У інтэрвю егіпецкай газеце Пуцін даў зразумець, што лічыць неабходным знайсці «новую формулу канстытуцыйнага ладу суседняй дзяржавы»: «… трэба, каб улады ў Кіеве пачулі свой народ. Знайшлі агульную мову і дамовіліся з усімі палітычнымі сіламі і рэгіёнамі краіны. Выпрацавалі б такую формулу канстытуцыйнага ладу дзяржавы, пры якой было б бяспечна і камфортна жыць усім грамадзянам, у поўным аб’ёме выконваліся б правы чалавека», – дадаў прэзідэнт.

Акрамя таго расейскі лідар сказаў, што Расея не нясе адказнасці за пачатак збройнага канфлікту на ўкраінскай тэрыторыі. Паводле яго запэўненняў, вінаватымі з’яўляюцца ЗША і іх заходнія саюзнікі, якія імкнуцца «навязваць паўсюль сваю волю».

Пуцін таксама заклікаў, каб украінскія ўлады пачалі прамыя перамовы з прадстаўнікамі сепаратыстаў і заявіў, што Расея гатовая гэтаму спрыяць.

Сёння ў раёнах Данецкай і Луганскай абласцей, якія кантралююць прарасейскія тэрарысты, распачынаецца мабілізацыя. Кіраўнікі ДНР і ЛНР запэўніваюць, што яна будзе добраахвотнаю.

У сераду ў Менску мае адбыцца сустрэча кіраўнікоў Украіны, Нямеччыны, Францыі ды Расеі. У мінулы чацвер канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд сустракаліся з кіраўніком Украіны Пятром Парашэнкам, а ў пятніцу – з Уладзімірам Пуціным. Падчас гэтых размоваў яны абмеркавалі мірныя ініцыятывы, падрабязнасці якіх не паведамляюцца. Франсуа Алянд толькі заўважыў, што прапанаваны ім з Ангелай Мэркель план прадугледжвае стварэнне буфернай зоны шырынёю 50-70 км уздоўж лініі, якая падзяляе ўкраінскія войскі ад сепаратыстаў Данеччыны і Луганшчыны, а таксама наданне шырокай аўтаноміі ДНР і ЛНР.

Паводле Бі-бі-сі

Стужка навінаў