«Правы сектар» падае сваю версію падзеяў у Мукачава


Баец «Правага сектару» кажа, што страляніна ў Закарпацці завязалася пасля няўдалых перамоваў з крымінальным аўтарытэтам. Гаварылі пра кантрабанду на мяжы.

«Яшчэ каля трох дзён таму нас выклікаў на перамовы крымінальны аўтарытэт Блюк. Ім не падабалася, што нашы патрулі дзяжураць уздоўж мяжы і не пускаюць кантрабанды», – кажа ў відэазвароце адзін з заблакаваных у Мукачава байцоў «Правага сектару».

Паводле яго, дванаццацёх прадстаўнікоў «Правага сектару» ў спартовым комплексе «Антарэс» чакалі каля ста «цітушак» з агнявой зброяй. Нібыта Міхаіл Ланьё (мянушка Блюк) агучыў прэтэнзіі, сутнасць якіх заключалася ў тым, што «Правы сектар» перашкаджае ладзіць кантрабандны бізнес. Байцы «Правага сектару» вырашылі пакінуць спартовы комплекс, пасля чаго пачалася страляніна.

У сваю чаргу народны дэпутат Украіны Мустафа Наем апублікаваў відэа інцыдэнту і апісаў храналогію падзеяў.

00:55 – у кадры пад джыпам ляжыць чалавек з прастрэленай галавой, якога прадстаўнікі «Правага сектару» грузяць у свой аўтамабіль.

02:20 – чалавека з прастрэленай галавой усё ж такі пагружаюць у джып.

02:34 – выразна бачна, як на адным з джыпаў усталёўваецца кулямёт.

04:12 – пацярпелага выгружаюць з джыпа. Прыязджае машына хуткай дапамогі.

Паводле апошніх дадзеных, гэта ахоўнік Міхаіла Ланьё, жыхар г.Мукачава Юрый Руснак. На той момант і лекары, і ўдзельнікі канфлікту былі ўпэўненыя, што малады чалавек ужо загінуў. Але ўжо ў шпіталі ў яго выявілі сэрцабіцце. На дадзены момант ён знаходзіцца ў стане комы.

05:00 – на месца здарэння на зялёнай «Шкодзе» прыязджае начальнік гараддзелу г.Мукачава Віталій Шыманяк (у бронекамізэльцы, стаіць спінаю, падымае рукі). Ён пра нешта гаворыць з прадстаўнікамі ПС.

05:20 – гучаць першыя стрэлы. У кадры бачна, што з паветра страляюць прадстаўнікі ПС.

06:17 – людзі ў камуфляжы выстаўляюць дымавую шашку.

07:23 – далейшыя падзеі разгортваюцца ўжо ля запраўкі.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў