Праваабаронца Андрэй Бандарэнка: «Артыкул Лапшына пра Валадарку – хлусня»


Кіраўнік «Платформы» упершыню заступіўся за айчынную пенітэнцыярную сістэму.

Тое, што бытавыя ўмовы СІЗА-1 застаюцца нездавальняючыя – ужо даўно не сакрэт. І гэта па сутнасці адзінае, што аўтар адлюстраваў больш-менш рэалістычна, калі адкінуць усё «фашыстоўскія» праявы, – напісаў Андрэй Бандарэнка у «Фэйсбуку».

Аляксандр Лапшын у артыкуле пра побыт у беларускай турме заявіў, што пасля Валадаркі Асвенцім – «не такі страшны».

Бандарэнка зняпраўджвае большасць фактаў, прыведзеных у пасце Лапшына.

Лапшын: Як высветлілася, амаль усе сукамернікі даўно сядзяць у чаканні суда, некаторыя – па 2 года, і да іх яшчэ нават не прыходзіў следчы.
Бандарэнка: Следчыя з’яўляюцца з зайздроснай рэгулярнасцю, а да тэрміну ўтрымання пад вартай СІЗА не мае ніякага дачынення.

Лапшын: Прынеслі сняданак. Выглядае гэты так: расхінаецца акенца і раздаецца крык «Каааааша».
Бандарэнка: Харчаванне раздаюць паводле часу, і ніхто не крычыць. У гэтым няма сэнсу: меню на кожны дзень зняволеныя ведаюць.

Лапшын: У нас камера элітная – можна талеркі памыць у ракавіне, але ў іншых камерах ракавін папросту няма.
Бандарэнка: Ува ўсіх камерах ёсць ракавіны і туалет.

Лапшын: У турме мноства хворых на туберкулёз, прычым з-за перапоўненасці камер многія з іх сядзяць разам са здаровымі.
Бандарэнка: Хворых на сухоты вельмі мала і сядзяць яны асобна.

Лапшын: Калі вам не прыносяць перадачы родныя – вы хутка пачнеце хварэць і ў выніку загінеце. На шчасце, беларускія сядзельцы шкадуюць замежнікаў і дзеляцца з імі сваймі хатнімі перадачамі.
Бандарэнка: Харчаванне ў СІЗА-1 цалкам ядомае, але і яго бяруць толькі для гарніру да 30 кілаграмаў перадач, якія дазволены ў месяц.

Лашпын: Спатканні з сям’ёй раз у месяц на паўгадзіны праз шкло, прычым начальства часцей ніякіх спатканняў не дазваляла без тлумачэнняў прычын.
Бандарэнка: Спатканні абвінавачаным не дазволеныя наагул – толькі з дазволу следчага.

Лапшын: Яшчэ не дазваляецца чытаць кнігі! Гэта не жарт.
Бандарэнка: Кожны тыдзень кнігі раздаюцца мясцовай бібліятэкай, а ў лістах і перадачах іх можна перадаваць колькі заўгодна. З пэўнымі, натуральна, абмежаваннямі

Лапшын: Сукамернікі казалі, што калі са свабоды праз «аднаго чалавечка» перадаць грошы, то і спатканні з сям’ёй дазволяць часцей, і камеру могуць даць лепей. Яшчэ за хабар можна дамовіцца каб вас паставілі тэлевізар. Гэта абыдзецца прыкладна ў 500 еўраў хабару. Перавод у лепшую камеру каштуе 1000–1500 еўраў у месяц. Легчы ў шпіталь – яшчэ каля 2000 еўраў у месяц.
Бандарэнка: Тэлевізар у камеру адміністрацыя дае бесплатна па заяве, або можна замовіць з волі праз сваякоў і забраць назад пасля выхаду або этапавання на зону. А пераклад у камеру за 1500 у. а. выклікае ўсмешку і сумневы ў адэкватнасці аўтара. Як і сума за «легчы у больніцу», у якую проста трапляеш пры наяўнасці захворвання.

Тэкст Лапшына Бандарэнка называе «сацыяльнай фантастыкай, якая вельмі падобная на банальную хлусню».

Сам Андрэй Бандарэнка ў сакавіку назваў беларускія турмы «маральным Гулагам».

  • У снежні 2016 году блогера затрымалі ў Менску, у лютым 2017-га яго выдалі Азербайджану.
  • Азербайджанскія ўлады абвінавачвалі Лапшына ў парушэнні закона аб дзяржаўнай мяжы. Ён трапіў у «чорны спіс» за наведванне Нагорна-карабахскай рэспублікі без узгаднення з уладамі.
  • У бакінскай турме яго хацелі забіць, сцвярджае Лапшын. 14 верасня блогера вызвалілі, цяпер ён у Ізраілі.
  • Лапшын – грамадзянін Расеі, Ізраілю і Украіны.

ДД

Глядзі таксама
Каментары