Прафесар Лепін: За пазіцыю па Астравецкай АЭС, Лукашэнка даў мне званне «ворага народу»

video

Напярэдадні 10-годдзя «Белсату» мы знялі 10 кароткіх фільмаў пра нашыя каштоўнасці – і папрасілі вядомых ды таленавітых людзей прадставіць іх. Пра сапраўдны патрыятызм і значэнне праўды распавядае Георгій Фёдаравіч Лепін, фізік, прафесар, доктар тэхнічных навук, сустаршыня грамадскага аб’яднання «Навукоўцы за бязʼядравую Беларусь», удзельнік працаў па ліквідацыі наступстваў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

«Калі я ўпершыню пачуў, што Астравецкая пляцоўка была абраная для будаўніцтва АЭС, то я быў проста шакаваны. Я даўно ведаў, што яна небяспечная, што на ёй быў землятрус, што там ёсць перакрыжаванне разломаў зямной кары. У адным кіламетры ад яе знаходзіцца магільнік сібірскай язвы. Калі мне ў рукі трапіла афіцыйная справаздача, падпісаная дваццаццю выканаўцамі, дзе было дакладна напісана, што гэта найгоршая пляцоўка сярод усіх, якія яны даследавалі, я не мог зразумець: як гэта магчыма – не заўважыць відавочных фактаў», – распавядае прафесар Лепін.

Георгій Лепін лічыць, што будаўніцтва АЭС пад Астраўцом – памылка, за якую беларусы могуць дорага заплаціць.

«Лукашэнка называе навукоўцаў, якія з’яўляюцца праціўнікамі ядравай энергетыкі, “бандытамі ад навукі”. Вось такое званне я атрымаў ад яго», – кажа навуковец.

«Паўсюль спрабуюць падмануць, што гэта бяспечна, што ў нас будзе танная электраэнергія, што гэта выгадна. Гэтак кажуць напалоханыя людзі, якія баяцца за сваё месца. Яны дрыжаць і думаюць, што крый Божа, ён скажа праўду, а яго звольняць… Гэта ўжо не патрыёт! Я лічу патрыётам таго, хто кажа праўду. Не ў інтарэсах нейкіх канкрэтных кіраўнікоў, а менавіта сваёй краіны», – кажа Георгій Лепін.

«Белсат» упершыню выйшаў у эфір 10 снежня 2007 года.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары