Прадпрымальнік: «Хай Лукашэнка сыходзіць разам з 222 указам. Гэта ён давёў народ!»

video

Паўтары сотні віцебскіх прадпрымальнікаў прадпрымальнікаў сёння вырашалі – ці прыслухацца да прапановы лідара грамадскага абʼяднання перспектыва Анатоля Шумчанкі і спадзявацца на перамовы ў працоўнай групе пры Міністэрстве эканомікі, або працягваць ціснуць на ўлады. Рашэнне прынялі хутка.

«На нацыянальным узроўні правесці сход усіх прадпрымальнікаў нашае рэспублікі, якія сёння ня могуць працаваць. Хто за гэтую прапанову – прашу падняць рукі!», – прамаўляе Ірына Яскевіч, прафсаюз прадпрымальнікаў «Разам».

Чаму ж ІП не пагаджаюцца на дыялог? Здавалася б – пасля больш, як месяцу пратэстаў, ды пагрозаў дэманстрацыяй у сталіцы – прапаноўваюць дыялог. Аднак словы вышэйшага чыноўніка ў добрай волі мякка кажучы не пераконваюць.

«І не глядзіце на гэтыя забастоўкі нейкіх іпэшнікаў, ці яшчэ каго – мы не пацаны, каб нас вадзіць за нос, а тым болей мяне. Без дакументаў, без сертыфікатаў… слухайце – гэта ж мы ўзаконьваем бандытызм!», – зазначае Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.

У грамадскім абʼяднанні «Перспектыва» раюць не звяртаць увагі на тое, што кажа Лукашэнка – маўляў, галоўнае, што дыялог пачаўся. Але ў Віцебску даверу размовам у такім тоне няма.

«Нас ніхто не чуе і ніхто не можа вырашыць дыялог, акрамя адной асобы – прэзідэнта. А ён наўмысна – кажа, што мы бандыты і ўсё – значыць палітыка дзяржавы скіраваная на тое, каб знішчыць ІП і значыць, мы грукаем у закрытыя дзверы», – абураецца прадпрымальніца з Віцебску.

«Прадпрымальнікі вырашылі сабрацца на агульны сход прадпрымальнікаў усёй Беларусі. Мы падтрымліваем сувязь з іншымі рэгіёнамі і сёння мы скажам, што мы 15 збіраемся ў Менску і мы абмяркоўваем толькі плошчу, бо нам няма ніякага сэнсу збірацца на Бангалоры», – распавядае Ірына Яскевіч.

Паводле прадпрымальнікаў, збірацца на плошчы Бангалор, як раней планавала «Перспектыва» – няма сэнсу, бо іх проста ніхто не пачуе. У панядзелак у сталіцы абяцаюць быць ня толькі віцебскія ІП. І патрабаванні пасля словаў кіраўніка краіны будуць іншыя – адной адмены ўказу №222 будзе мала.

«Дваццаць другі ўказ ужо можна забыць! Выразіць недавер прэзідэнту! Ён давёў народ – людзі без працы! Мы да такога прэзідэнта ставімся з недаверам. Хай і ён ужо сыходзіць разам з 222 указам», – мяркуе Мікалай Чарнавус, прадпрымальнік з Баранавічаў.

Магчыма, нягледзячы на пустэчу на рынках краіны меркаванне кіраўніка Беларусі падзяляюць простыя грамадзяне? Мы запыталі ў жыхароў Берасця

«Ну бандытамі-та дарэмна – людзі ўсе працоўныя, кожны па-свойму зарабляе грошы», – мяркуе мужчына.

«А чаго яны бандыты? У іх таксама цяжкая праца – ехаць везці, кожны зарабляе, як можа», – дадае жанчына.

«Ведаеце, мне неяк усё адно – што мне трэба, я ў краме набуду. Таму… нейкай асаблівай… хаця, канешне лепш было б, каб яны працавалі», – падсумоўвае жыхарка Берасця.

Тым часам і лідар «Перспектывы» Анатоль Шумчанка падкрэслівае, што ў выпадку правалу перамоваў, яны не адкідаюць магчымасці правядзення вулічнай акцыі. Праўда, улады неаднаразова падкрэслівалі – адмены абавязку сертыфікацыі тавараў не прадбачыцца і размоваў пра гэта нават весці не варта.

«Скончыліся мядовыя гады іхныя – трэба працаваць у роўных умовах і трэба ім разумець, што сертыфікацыя прадукцыі, на якую мы пайшлі – гэта толькі першы крок», – даводзіць Аляксандр Лукашэнка.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары