Працаўнікі бабруйскага заводу шукаюць дапамогі ў Аляксандра Лукашэнкі


Сябры Свабоднага прафсаюзу беларускага, стомленыя пераследам з боку кіраўніцтва заводу Трактарных дэталяў і агрэгатаў у Бабруйску, напісалі калектыўны зварот да кіраўніка Беларусі.

«Звяртаемся да вас як да гаранта Канстытуцыі»

Пад лістом падпісаліся звольненыя цягам апошніх двух гадоў сябры Свабоднага прафсаюзу, і тыя, якіх маюць звольніць сёлета 30 кастрычніка. У звароце працаўнікі апісваюць сітуацыю, што склалася вакол прафсаюзу ды распавядаюць пра эканамічны стан заводу. Яны адзначылі, што цяпер «на тэрыторыі заводу знаходзяцца больш за 700 непраданых трактароў, якія ў прамым сэнсе гніюць праз іх нізкую якасць, і частка якіх ужо раскамплектаваная». Сярод іншых прыкладаў нядбайнасці кіраўніцтва – выпадак з «няякаснымі трактарнымі комплексамі, што былі прададзеныя ў Сербію. Туды затым камандзіравалі працаўнікоў заводу для выпраўлення браку, на што пайшла не адна тысяча долараў».

«Аляксандр Рыгоравіч! Мы звяртаемся да Вас, як да гаранта Канстытуцыі, – пішуць працаўнікі заводу Трактарных дэталяў і агрэгатаў (ТдіА) да лідара Беларусі. – Дапамажыце нам аднавіць нашае права на працу, пра якое Вы ў свой час казалі як пра фундаментальнае права беларусаў».

«У сувязі з аптымізацыяй вы нам не патрэбныя»

Ці сябры СПБ сапраўды вераць, што зварот да кіраўніка Беларусі дапаможа?

«Я хачу, каб хоць нехта наверсе звярнуў увагу на тое, што ў нас тут робіцца на месцах, – сказаў станочнік Мікалай Жыбуль, які чакае звальнення 30 кастрычніка. – У нас жа сацыяльная дзяржава, для народу. Дык я – народ! Я нічога не парушаў. Дык чаму я застаўся безабаронным? Чаму мне не дапаможа той, хто кажа, што ў нас усё для народу? Бо насамрэч у нас дзяржава для чыноўнікаў».

Мікалай Жыбуль прапрацаваў на заводзе 30 гадоў. Кажа, што за ўвесь гэты час не меў ніякіх заўваг да працы. Яму засталося да пенсіі 2 гады і 3 месяцы, але 30 кастрычніка гэтага года ў яго заканчваецца чарговы пяцігадовы кантракт, які кіраўніцтва заводу вырашыла не працягваць.

«Калі я запытаўся ў дырэктара, чаму са мной не працягваюць кантракт, ён проста ў вочы мне адказаў: у сувязі з аптымізацыяй працоўных месцаў і цяжкім эканамічным становішчам заводу нам не патрэбныя вашыя паслугі», – кажа спадар Жыбуль.

Што будзе рабіць пасля звальнення, пакуль не ведае: «У 58 гадоў цяжка знайсці працу. Да таго ж, дырэктар паабяцаў нам, што ў гэтым горадзе мы працу больш не знойдзем».

«У гэтай краіне нам больш няма да каго звяртацца»

Зміцер, сябра СПБ, звольнены яшчэ год таму, калі ягоная жонка была ў дэкрэтным адпачынку, сумняецца, што зварот увогуле дойдзе да Лукашэнкі.

«А калі дойдзе, то дапаможа ці не, – не ведаю. Я падпісаўся, таму што ўсё, што там напісана, – праўда, – заўважыў Зміцер. – А ці зробіць прэзідэнт штосьці для заводу? Ён ужо “зрабіў”, бачым усе, як за час свайго кіравання ён проста забіў усю эканоміку краіны. Я б не сказаў, што ён увогуле нешта зрабіў на карысць Беларусі”.

Старшыня СПБ Міхаіл Кавалькоў кажа, што з дапамогай калектыўнага ліста працаўнікі звернуць увагу ўладаў да сітуацыі на заводзе, а гэта ўжо добра: «Мы спадзяемся, што будзе хоць нешта зроблена, каб спыніць самаўпраўства дырэктара. Асабліва на тле апошніх заяваў прэзідэнта пра беспрацоўных. Дырэктар жа заводу толькі павялічвае колькасць беспрацоўных. Звяртаемся да прэзідэнта, таму што ў гэтай краіне нам больш няма куды звяртацца, прайшлі ўжо ўсе магчымыя інстанцыі».

Вайна са свабодным прафсаюзам не спыняецца

Свабодны прафсаюз беларускі на бабруйскім заводзе ТДіА на працягу ўжо некалькіх гадоў зведвае сталы ціск з боку адміністрацыі прадпрыемства. “Белсат” неаднойчы пісаў пра звальненні і дыскрымінацыю працаўнікоў – сябраў СПБ. Каб прымусіць людзей выйсці са Свабоднага прафсаюзу, кіраўніцтва заводу ўжывае розныя метады – спрабуе падкупіць, абяцае грошы за пераход у афіцыйны прафсаюз, пазбаўляе дадатковых выплатаў і забараняе карыстацца бібліятэкай і фізкультурным комплексам на заводзе, пагражае звальненнямі. Калі подкупы і пагрозы не дапамагаюць – з сябрамі СПБ не працягваюць кантракты.

Каментаваць сітуацыю журналістам адміністрацыя заводу адмаўляецца. А пакуль дырэктар Аляксандр Аграновіч тлумачыць звальненні аптымізацыяй, на сайце заводу і ў Бабруйскім цэнтры занятасці насельніцтва з’яўляюцца ўсё новыя абвесткі пра вакансіі на ТДіА.

У гэтым годзе Свабодны прафсаюз канчаткова выгналі з тэрыторыі заводу – адміністрацыя не дае памяшканне для офісу. Як распавёў старшыня СПБ Міхаіл Кавалькоў, не атрымліваецца знайсці офіс і ў горадзе: “Калі мы падпісваем дамову з уласнікам памяшкання, да іх прыходзяць людзі, называюць сябе КДБ, і потым мне тэлефануе ўласнік і кажа, што вымушаны разарваць дамову”.

Адсутнасць офісу і юрыдычнага адрасу пагражае бабруйскай ячэйцы СПБ ліквідацыяй.

Алена Краўчанка, belsat.eu

Стужка навінаў