Польскія і беларускія гісторыкі шукаюць дыялогу


Ужо даўно горад над Нёмнам не збіраў такую колькасць даследчыкаў на адной дыскусійнай пляцоўцы. На канферэнцыю «Палякі ў Беларусі з канца ХІХ да пачатку ХХІ стагоддзя» сабраліся больш за 30 беларускіх і польскіх гісторыкаў.

Нагодай для сустрэчы стала 600-старонкавае выданне зборніка публікацый польскіх і беларускіх гісторыкаў пад назваю «Палякі ў Беларусі з канца ХІХ да пачатку ХХІ стагоддзя. Выбраныя праблемы польска-беларускіх адносін». Гэта той выпадак, калі не канферэнцыя збірае матэрыял для публікацыі, а матэрыял публікацый збірае канферэнцыю.

Зборнік – гэта 48-мы том серыі BIBLIOTHECA EUROPEA ORIENTALIS, выдадзены з дапамогай «Студыюм Усходняй Еўропы» Варшаўскага ўніверсітэту разам Генеральным консульствам Польшчы ў Горадні пад рэдакцыяй былога кіраўніка Саюзу палякаў у Беларусі Тадэвуша Гавіна. 28 артыкулаў выдання падымаюць шматлікія праблемныя моманты польска-беларускіх стасункаў цягам амаль трох апошніх стагоддзяў.

Праз гісторыю да сучаснасці

Зборнік лепшых артыкулаў польскіх і беларускіх даследчыкаў, прысвечаных польскім аспектам у Беларусі

«Нават у савецкія часы, калі Польшча была хаўрусніцай СССР, усё роўна ў гістарычнай літаратуры палякі паўставалі як адзін з вобразаў ворага. Асабліва для Беларусі гэта быў адзін з самых вострых вобразаў ворага. Сёння, калі час змяніўся, няма больш Савецкага саюзу, водгаласы гэтай ідэалогіі ўвесь час праяўляюцца. У розных дзіўных заявах палітыкаў, у заявах гісторыкаў, асабліва калі гэта датычыцца гісторыкаў з Менску, ці з усходу Беларусі. Польска-беларускія адносіны, канешне, не былі ідэальнымі. Практычна няма такіх суседзяў у Еўропе, якія б мелі ідэальныя адносіны. Былі канфлікты, але апроч гэтага былі і кантакты. І культурныя ўплывы, і важна цаніць той пазітыў, які быў і не забываць пра яго» – кажа гісторык Аляксандр Смалянчук, які ў часе свайго выступу распавёў пра эвалюцыю польскага грамадска-палітычнага руху на беларускіх і літоўскіх землях 1864-1917 гг.

Для ўдзельнікаў агульная сустрэча стала не толькі нагодай абмеркаваць тэмы сваіх даследаванняў, у прыватнасці польскі аспект у беларускай гісторыі, але і нагодай да самааналізу, пошуку новых шляхоў да дыялогу паміж палякамі і беларусамі.

«Польскае пытанне ўвесь час захоўвае сваю актуальнасць у беларускай гісторыі. Польскае пытанне для Беларусі – гэта не проста пытанне: былі палякі ці не былі палякі. Гэта пытанне не толькі пра мінулае, але пытанне пра будучыню. Пра выбар Беларусі. Польшча зрабіла свой еўрапейскі выбар. Мы ідзем іншым шляхам. І ўвесь час, калі мы гаворым сёння пра Польшчу, то паўстае сітуацыя гэтага выбару, якая ўскладняе многае. Раней польская, літоўская і беларуская гісторыя фактычна ішла адзіным працэсам, а зараз мы разышліся ў розныя бакі. Такая сустрэча спрыяе паразуменню, бо гаворка ідзе не толькі пра мінулае, гаворка ідзе пра сённяшні дзень і пра будучыню», – дадае Аляксандр Смалянчук.

Развіццё польскай асветы да 96-га?

Генеральны консул Польшчы ў Горадні ўручае медаль былому рэдактару газеты “Пагоня” Міколе Маркевічу

Канферэнцыя стварыла магчымасць не толькі для палемікі польскіх і беларускіх гісторыкаў, але і адзначэння некалькіх асобаў, якія пакінулі сваё імя ў развіцці польскай культуры і адукацыі ў Беларусі. Памятныя медалі ад арганізацыі «Wspólnota Polska» для семярых гасцей уручыў генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Сярод іх апынуліся: былы беларускі палітык Сямён Домаш, былы рэдактар газеты «Пагоня» Мікола Маркевіч, літаратуразнаўца Аляксей Пяткевіч, палітолаг Аляксанд Фядута, былы старшыня гарадзенскага Гарвыканкама Генрых Крупенка, гісторык Таццяна Маліноўская і экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Мілінкевіч.

Медаль ад “Польскай супольнасці” атрымоўвае Аляксандр Мілінкевіч

«Гэта вельмі дарагая і асаблівая ўзнагарода для мяне, як памяць аб тым, што нам удалося разам зрабіць, беларусам і палякам, што разам адраджаліся ў Горадні. У нас была салідарнасць, якой я ганаруся.

Нават калі КДБ спрабавала нас пасварыць, яны прапанавалі Саюзу палякаў змагацца за аўтаномію, за сепарацыю і ўсякае такое, а палякі сказалі «не». Быў такі выпадак, проста шыкоўны. У 90-х, калі палякі зрабілі пікет пад польскім домам, тым што сёння стаіць. І на пікет прыйшлі людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі, у большай колькасці, чым там было сцягоў бела-чырвоных.

А як закрывалі газету «Пагоня», дык палякі прыйшлі са сваймі сцягамі падтрымаць беларусаў. Вось гэтыя сімвалы я ніколі не забываю. На шчасце не было агрэсіі, антаганізмаў. Не было ўспрыняцця, што іншая культура – гэта небяспека для нашай. Наадварот», – узгадвае Аляксандр Мілінкевіч.

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што большасць узнагароджаных асобаў дзейнічалі ў перыяд беларускага адраджэння 90-х гадоў. Менавіта ў той час падтрыманне польскага руху перажывала свой апагей. Аляксандр Мілінкевіч, Сямён Домаш, Генрых Крупенка займалі на той час у Горадні кіроўныя пасады, якія дазвалялі наладзіць актыўную супрацу паміж польскай і беларускай супольнасцю. Развіваўся Саюз палякаў, які на той момант лічыў каля 30 тысяч чалавек, будаваліся польскія школы, фармавалася міжнацыянальнае грамадскае і культурнае жыццё, якое з прыходам новай улады прыняло дэфармаванае аблічча.

«На шчасце ў той час ва ўладзе былі людзі, якія адраджалі не толькі беларускае і польскае, адраджалі габрэйскае, украінскае, татарскае. Усе суполкі нацыянальныя ўспомнілі пра сваё паходжанне. І гэта было такое багацце для Горадні, таму што, вядома, шматнацыянальны горад, гэта заўсёды горад надзвычай багаты», – дадае Аляксанд Мілінкевіч.

«Ці магчыма незалежная Польшча без незалежнай Беларусі, а незалежная Беларусь без незалежнай Польшчы?»

Генеральны консул РП у Горадні Яраслаў Ксёнжэк распачаў сваю прамову цытатай польскага палітыка, дзеяча польскай апазіцыі ў камуністычны час, гісторыка Яцка Куроня: «Без незалежнай Украіны няма незалежнай Польшчы, а без незалежнай Польшчы няма незалежнай Украіны». Гэтую цытату Яраслаў Ксёнжэк аднёс да Беларусі, паставіўшы на канцы знак пытальніка.

«Я лічу, што гэтае пытанне павінна заіснаваць не толькі ў навуцы, але і пэўнай грамадскай цыркуляцыі. Мы блізкія суседзі. І тое, што нас адрознівае, варта абмеркаваць і адказаць без эмоцый», – каментуе консул Яраслаў Ксёнжэк.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў