Польскае МЗС адмовіла «байкерам Пуціна»


«Міністэрства замежных спраў накіравала дыпламатычную ноту ў расейскую амбасаду ў Варшаве аб адмове ва ўездзе на тэрыторыю Польшчы групы матацыклістаў, сярод якіх былі прадстаўнікі клубу “Начныя ваўкі”», паведамляцца на афіцыйнай старонцы польскага МЗС.

Падставай для адмовы на ўезд стала адсутнасць дакладнай інфармацыі пра маршрут мотапрабегу. У сваю чаргу міністр замежных спраў Польшчы Гжэгаж Схетына ў эфіры Radio Zet заявіў, што Нямеччына анулюе шэнгенскія візы, выдадзеныя байкерам з клубу «Начныя ваўкі».

«Начныя ваўкі» – найстарэйшы мотаклуб Расеі. У апошні час чальцы брыгады сталі вядомыя сваёй прыхільнасцю да палітыкі Крамля. Матацыклісты адкрыта падтрымлівалі «зялёных чалавечкаў» у Крыме і дапамагалі анексаваць украінскі паўвостраў.

Лідар байкераў Аляксандр Залдастанаў (Хірург), які блізка сябруе з Пуціным і Кадыравым, ініцыяваў і быў суарганізатарам «Антымайдану». «Начныя ваўкі» былі ў нашай краіне зусім нядаўна. У лютым 2014-га года яны ладзілі мотапрабег «Белая Русь» у падтрыманне Маскоўскага патрыярхату.

«Начныя ваўкі» плануюць праехаць праз Польшчу ў Нямеччыну, нягледзячы на тое, што ім адмовілі ва ўездзе. Пра гэта «Еўрарадыё» паведаміў намеснік Аляксандра (Хірурга). Ён адзначыў, што спадзяванне трапіць у Берлін ёсць, бо ўдзельнікі прабегу не рабілі сабе візы цэнтралізавана.

Ён таксама распавёў, што «Начныя ваўкі» не маюць нейкага запаснога плана, у выпадку калі іх не прапусцяць праз польскую мяжу: «Ніякага плана няма. Калі не прапусцяць, усе рашэнні будзем прымаць, кіруючыся здаровым сэнсам».

Расейскае МЗС незадаволена рашэннем польскага дыпведамства і называе яго «неадэкватным». Адпаведная заява апублікаваная на сайце mid.ru.

Прадстаўнікі расейскага клубу байкераў «Начныя ваўкі» абвясцілі правядзенне з 25 красавіка да 9 траўня мотапрабегу Масква – Берлін, прымеркаванага да 70-годдзя Перамогі. На тэрыторыі Беларусі яны плануюць знаходзіцца 25–26 красавіка.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары