Польшча – у чвэрцьфінале «Еўра-2016»


«Еўра-2016»: Польшча аказалася мацнейшаю за Швайцарыю ў серыі пенальці.

Лік у сённяшняй сустрэчы адкрыў Якуб Блашчыкоўскі, калі на 39-ай хвіліне пасля ўдалай контратакі і дакладнага пасу Каміля Грасіцкага распячатаў браму швейцарцаў.

Матс Хумельс, калега Блашчыкоўскага ў Бундэслізе, адразу павіншаваў аднаклубніка ў «Тўітары».

У другой палове швейцарцы прыціснулі палякаў, валодаючы мячом 60 % часу. На 88-ай хвіліне Джэрдан Шакіры зраўняў лік, забіўшы найпрыгажэйшы гол турніру – у кідку праз сябе, «нажніцамі». Брамнік Лукаш Фабіяньскі не меў аніякіх шанцаў.

Фота: Kai Pfaffenbach
Фота: Kai Pfaffenbach

У дадатковы час каманды не забілі, справа дайшла да пенальці, у якіх мацнейшымі аказаліся палякі. Футбалісты Польшчы рэалізавалі ўсе спробы, у швейцарцаў міма прабіў толькі Граніт Джака.

Да сённяшняга матчу каманда нашых заходніх суседзяў на «Еўра-2016» не прапускала.

У чвэрцьфінале Польшча сустрэнецца з лепшай камандаю матчу Харватыя – Партугалія, які распачнецца сёння а 22-ой паводле менскага часу.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары