Пераблытала нямецкую мапу з французскай і згубіла працу


Грубая памылка каштавала прэс-сакратарцы румынскага МЗС пасады. Міністру замежных справаў Нямеччыны ўручылі брашуру з выявай Францыі, афарбаванай у колеры нямецкага сцягу.

9 сакавіка міністр замежных справаў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер разам з румынскім калегам Богданам Аўрэску правёў прэс-канферэнцыю з нагоды 135-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносінаў між краінамі. Пасля чаго нямецкаму дыпламату ўручылі скандальную брашуру.

Аўрэску ўжо выбачыўся за неадназначны падарунак, як і друкарня, якая яго надрукавала. А прэс-сакратарку МЗС Брындушу Прэдэску і ўвогуле звольнілі – з фармуліроўкай «за стварэнне абсалютна неспрыяльнага іміджу».

Румынскае нацыянальнае навінавае агенцтва Agerpres, па замове якой друкавалася брашура, абяцае пакараць рэдактара, адказнага за памылку. У наступныя тры месяцы ён атрымае скарочаны на 10 адсоткаў заробак.

У сваю чаргу Штайнмаер элегантна адрэагаваў, паведамляюць румынскія СМІ, сказаўшы, што нават не заўважыў памылкі. Магчыма, ён паставіўся з разуменнем да калегаў, бо яго падначаленыя ў мінулым месяцы зрабілі прыкладна такі ж промах. Падчас паездкі ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга яны замест сцяга гэтай краіны скарысталіся сцягам суседняй Рэспублікі Конга.

НМ, belsat.eu, паводле Deutsche Welle

Стужка навінаў