Паралімпіяда. Чатыры медалі для беларусаў у першы дзень


У першы дзень Гульняў беларускія біятланісты заваявалі чатыры ўзнагароды.

Другое месца ў спрынтарскай гонцы на 7,5 кіламетраў для атлетаў з парушэннем апорна-рухальнага апарата заняў Дзмітрый Лобан у катэгорыі LW12.

У спрынтарскім заездзе сярод спартсменаў з парушэннямі зроку ў катэгорыі В3 сярэбраная ўзнагарода ў актыве Юрыя Голуба.

Беларуска Лідзія Графеева ў спрынце на 6 кіламетраў у катэгорыі LW12 заваявала «бронзу». Трэцяе месца таксама ў Святланы Саханенка ў катэгорыі В2 для атлетаў з парушэннямі зроку.

У лыжных гонках, біятлоне і гарналыжным спорце спартоўцы з абмежаванымі магчымасцямі спаборнічаюць у трох катэгорыях, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на класы ў залежнасці ад стану канцавінаў – некаторыя атлеты могуць выкарыстоўваць лыжныя палкі, а некаторыя – не, некаторыя перасоўваюцца на лыжах, а некаторыя сядзяць на адмысловай «моналыжы».

Адмысловая сістэма падлічвае вынік спартоўца ў адпаведнасці з прысвоеным яму класам, выкарыстоўваючы матэматычныя формулы, якія распрацоўвае Міжнародны паралімпійскі камітэт.

Функцыянальны стан атлета можа змяняцца, таму кожны спартовец праходзіць класіфікацыю некалькі разоў на працягу свайго паралімпійскай кар’еры.

Стужка навінаў