Людзі з накладнымі бародамі і зброяй напалохалі жыхароў і гасцей чэшскай сталіцы.
21 жніўня на адну з цэнтральных плошчаў чэшскай сталіцы выйшлі ўдзельнікі маніфестацыі «Акупанты займаюць Прагу». Акцыю арганізавала «Ініцыятыва Марціна Конвічкі», якая выступае супраць ісламу ў Чэхіі, і ў гэткі спосаб хацела паказаць, як будзе выглядаць прыход мусульманаў у Чэхію.
Праціўнікі ісламу, апранутыя як чальцы ДАІШ прыехалі на джыпе. Лідар ініцыятывы Марцін Конвічка з’явіўся на вярблюдзе. Псеўдабаевікі размахвалі сцягам «Ісламскай Дзяржавы», стралялі з аўтаматаў халастымі, выкрыквалі лозунгі ды «Алах Акбар».
Калі ўдзельнікі акцыі паспрабавалі інсцэнаваць пакаранне закладніцы ў аранжавай вопратцы, на плошчы пачалася паніка, людзі хаваліся ў будынках. Адзін з прысутных арабіскіх турыстаў паспрабаваў спыніць акцыю.
Тады ў справу ўмяшалася паліцыя, якая сачыла за мерапрыемствам. Удзельнікаў і арганізатара акцыі затрымалі і даставілі ў паліцэйскі ўчастак, а праз некалькі гадзін усё ж вызвалілі.
21 жніўня ў Чэхіі адзначаюць гадавіну ўварвання войскаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславакію ў 1968 годзе.
ДР belsat.eu паводле lidovky.cz