Памёр народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч


Апошнім часам ён цяжка хварэў. Артысту было 64 гады.

Уночы 28 студзеня памёр Аляксандр Ціхановіч. Пра гэта ў сваім Instagram паведаміла ягоная дачка Анастасія.

Калі і дзе будзе пахаваны Аляксандр Ціхановіч, пакуль не вядома.

Нарадзіўся Аляксандр Ціхановіч у Менску. У 1982 годзе скончыў Беларускую кансерваторыю. Музычная кар’ера пачалася з Сувораўскай вучэльні, дзе ён граў у аркестры. Пасля вайсковай службы былі пробы сябе ў розных музычных калектывах: спачатку ў Мікалая Шышкіна, потым у ансамблі пад кіраваннем Валянціна Бадзьярава, які сышоў з «Песняроў» і стварыў музычны калектыў «Менск». Там Аляксандр прапрацаваў толькі каля года, пасля чаго атрымаў прапанову ад дырэкцыі філармоніі граць у складзе ансамбля «Верасы», дзе спявала і будучая спадарожніца жыцця Аляксандра – Ядвіга Паплаўская.

У 1989 годзе Ціхановіч і Паплаўская стварылі Тэатр песні і творчую студыю пры ім, праз якія прайшло мноства маладых беларускіх выканаўцаў.

Аляксандр Ціхановіч – аўтара і вядоўца некалькіх музычных тэлевізійных праектаў. Адзін з іх – тэлеконкурс песні «Хіт-момант» – стаў стартавай пляцоўкай для многіх маладых поп-выканаўцаў.

Асноўным полем дзейнасці Аляксандра Ціхановіча і Ядвігі Паплаўскай з’яўляліся сольныя канцэрты.

ДД

Глядзі таксама
Каментары