Падрабязнасці расследавання: БУК, які збіў малайзійскі лятак, суправаджаў расейскія танкі


Роўна 7 месяцаў таму ракетай «зямля – паветра», выпушчанай з тэрыторыі так званай Данецкай народнай рэспублікі, быў збіты малайзійскі «Боінг». Усе пасажыры і экіпаж рэйсу «Амстэрдам – Куала-Лумпур» – агулам 3 сотні чалавек – загінулі на месцы. Пакуль канчатковых афіцыйных вынікаў расследавання гэтай катастрофы няма, але незалежнае нямецкае аб’яднанне «Карэктыў» правяло сваё расследаванне – журналісцкае. Нашая карэспандэнтка ў Берліне Жанна Кромер наведала іх офіс.

Мы размаўляем з Маркусам Бэнсманам, удзельнікам некамерцыйнага праекту «Карэктыу», ён расследаваў крушэнне боінга MH17 над Данбасам.

– Як выглядала вашае расследаванне і якія можна з яго зрабіць высновы?

– Мы не карысталіся матэрыяламі спецслужбаў, нашай ідэяй было сабраць увогуле ўсё па тэме, што ёсць у адкрытых крыніцах, а потым прааналізаваць, дзе адрозненні ў версіях, а дзе супадзенні. Адначасова мы так сама выкарыстоўвалі нідэрландскую прамежкавую справаздачу. Дзякаваць гэтай справаздачы мы змаглі разабрацца, аб якой сістэме зброі ідзе размова. Мы даведаліся пра БУК, і далей сталі задавацца пытаннем пра яго тактычнае значэнне. Гэтае пытанне дагэтуль ніхто не задаваў. Аказалася, што ёсць узаемасувязь паміж расейскімі танкамі і расейскай ракетнай сістэмай.

Тое, што мы сабралі, было прааналізаванае найлепшымі ваеннымі спецыялістамі, якія ёсць. Пасля чаго мы паехалі на месца, ва ўсходнюю Украіну, і сталі правяраць дэталі. Усё расследаванне цягнулася 4 месяцы. Гэта была вельмі інтэнсіўная праца, шмат інтэрвю, шмат паездак,

Ужо ў чэрвені NATO ведала, што на ўсходзе Украіны перасоўваюцца расейскія танкі, якія суправаджаюцца гэтымі ваеннымі сістэмамі, у дадзеным выпадку БУКамі. Яны ўжо тады маглі сказаць, але не сказалі сваім авіяперавозчыкам, каб тыя не лёталі над ваеннай тэрыторыяй.

У паветры існаваў так бы мовіць калідор, па якім лёталі пасажырскія самалёты, а пад ім адбывалася барацьба зямля-паветра паміж баявымі ўкраінскімі самалётамі і паветранай зброяй з тэрыторыі, якую кантралявалі сепаратысты.

Разам з арганізацыяй «Open Data“ мы зрабілі анімацыю, на якой бачна, якія самалёты лёталі над дадзенай тэрыторыяй да 17 ліпеня, а якія пасля.

Цікава, што пасля выбуху над дадзенай кропкай перасталі лётаць усе замежныя самалёты акрамя расейскіх. Тыя і далей перасякалі тую прастору i адчувалі сябе бяспечна, хаця расейскае кіраўніцтва афіцыйна заявіла, што па пасажырскіх самалётах агонь вялі ўкраінцы.

– Ці можна назваць вінаватым у катастрофе адзін з бакоў?

– Галоўная віна ляжыць, канешне, на Расеі. Пуцін сам сказаў, што ўсё, што адбываецца ў расейскай арміі – гэта яго адказнасць. Мы змаглі даказаць, што ў стрэле вінаватая расейская ракетная частка. I гэта адказнасць Расеі.

Але! Украіна свядома выкарыстоўвала пасажырскія самалёты ў якасці жывога шчыта для ваенных самалётаў.

Сваю адказнасць нясуць так сама i краіны NATO, бо яны ведалі, што гэтая тэрыторыя небяспечная і самі заяўлялі, што ведалі аб прысутных танках ужо ў чэрвені, але вагаліся назваць вайну вайною. Яны былі абавязаныя забараніць сваім авіяперавозчыкам лётаць па тым маршруце, але не зрабілі гэтага.

– Ці былі нейкія цяжкасці ў вашай працы? Ці адчулі Вы нейкія перашкоды?

– Я выбраў час, калі сепаратысты былі зацікаўленыя ў тым, каб замежныя журналісты хадзілі па вёсках, бо ў іх былі выбары. Але працаваць у ваенным рэгіёне, гэта, канешне, заўсёды складана.

– Ці засталіся для Вас нейкія пытанні без адказу?

– Гэта быў ваенны аўтаматызм, які прывёў да збівання стрэлам боінга MH17 з расейскага боку. Але мы дагэтуль не ведаем тых, хто канкрэтна націснуў кнопку.

Гутарыла Жанна Кромер, Белсат, Берлін

Стужка навінаў