«Пабудавалі, адкрылі гэты завод і ўсё. Што цяпер рабіць? Як змагацца з гэтым? Як?»


Жыхары Смаргоні выступілі супраць будаўніцтва прадпрыемства па вытворчасці фенол-фармальдэгідныхсмолаў. Яны спаслаліся на тое, што і без таго завод «Cronospan», на базе якога запланаванае будаўніцтва, забруджвае навакольнае асяроддзе.

На грамадскіх слуханнях у мясцовым выканкаме прысутнічалі жыхары не толькі Смаргоні, але і навакольных вёсак. Людзі абураліся, што далёка не ўсе зацікаўленыя асобы трапілі на паседжанне.

АНДРЭЙ ГОРЛАЎ, «ГАВАРЫ ПРАЎДУ!»:

«Будаўніцтва новых прадпрыемстваў неабходнае, але не тады, калі гэта наносіць шкоду людзям, прыродзе і экалагічнай сістэме».

Асноўнай прадукцыяй аўстрыйска-польскага прадпрыемства «Cronospan» ёсць пліты ПВХ і ламінат. Падатковыя льготы яно будзе мець яшчэ 7 гадоў. Пакуль жа штомесячныя ўнёскі ў бюджэт складаюць не больш за $ 34 тыс. Асноўная колькасць прадукцыі экспартуецца за мяжу, і грошы ад прыбытку назапашваюцца ў замежных банках.

АЛЕНА АНТАНІШЫНА, УДЗЕЛЬНІЦА СЛУХАННЯЎ:

«Смаргонскі раён і месца, дзе знаходзіцца завод, належыць да тэрыторыі прыроднага запаведніка «Блакітныя азёры». І вось на мяжы запаведніка будуецца хімічнае прадпрыемства са шкоднымі адкідамі».

Падчас абмеркавання пытання ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе новага прадпрыемства ў вытворчасці полікарбамідных і фенолфармальдэгідных смолаў высветлілася, што ў справаздачы прадстаўнікоў »Cronospan« не пазначана, які аб’ём клею плануецца вырабляць, чаму прадпрыемства адмаўляецца чысціць ліўневыя сцёкі і выкарыстоўваць іх як тэхнічную ваду, які будзе першапачатковы аб’ём браку і шэраг іншых пытанняў.

РЭГІНА НАВІЦКАЯ, ЖЫХАРКА ВЁСКІ ДАНЮШАВА:

«Такі шум стаіць, як на аэрадроме. Асабліва ўначы. Вокны адчыніць нельга. Усё гудзіць, шуміць…»

Людзі папракалі адміністрацыю, што цяперашні завод працуе на старым абсталяванні, якое прывезлі з-за мяжы. Згадалі, што некалькі разоў яго штрафавалі за небяспечныя выкіды, якія перавышалі дазволеныя нормы.

ЛЕАКАДЗІЯ ДАГОЦКАЯ, ЖЫХАРКА ВЁСКІ ДАНЮШАВА:

«Завод гэты хацелі немцы будаваць на мяжы з Польшчай. Палякі лажыліся на зямлю, пратэставалі, прагналі і не дазволілі будаваць. А нам тут не давялі да ведама. Пабудавалі, адкрылі гэты завод і ўсё. Што цяпер рабіць? Як змагацца з гэтым? Як?»

На сходзе людзі заявілі, што, калі «Cronospan» дагэтуль не валодае сродкамі, каб належным чынам гарантаваць абарону навакольнага асяроддзя і спакой мясцовых жыхароў, то што ж тады казаць пра новае прадпрыемства, якое будзе мець шкодныя адкіды высокага класу таксічнасці? Ці варта рызыкаваць здароўем людзей дзеля некалькіх дзясяткаў працоўных месцаў? Можа, лагічней было б выдаткаваць грошы на абарончыя збудаванні цяперашняга заводу?

Адміністрацыя прадпрыемства запэўніла жыхароў, што сёлета нічога будаваць не пачнуць. Фармальдэгідную смалу пакуль вырабляюць у Магілёве. Але не выключана, што праз два гады такі завод пачнуць будаваць у Смаргоні.

ЛЛ, belsat.eu

Стужка навінаў