Па справе «аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» вызвалілі Сяргея Кулініча, але затрымалі Віктара Мароза


Пра вызваленне актывіста партыі Народная грамада і паплечнік Мікалая Статкевіча паведаміла Марына Адамовіч.

Паводле яе, яна вельмі коратка размаўляла з Сяргеем Кулінічам па тэлефоне пасля вызвалення. Пра ўмовы ягонага вызвалення пакуль невядома, але яшчэ каля 19-й ён не ведаў, што выйдзе на волю, распавяла Марына Адамовіч «Свабодзе».

У той жа час стала вядома імя яшчэ аднаго затрыманага па справе «Белага легіёна» – гэта Віктар Мароз. Ён кіруе адной з менскіх фірмаў, якая займаецца дыстрыбуцыяй. Увечары бацьку Віктара Мароза паведамілі з КДБ, што сына затрымалі на 3 дні паводле падазрэнняў па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу РБ – падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках.

Па стане на 3 красавіка з СІЗА КДБ адпусцілі 8 фігурантаў справы.

Гэта – Вячаслаў Дукшт, Ілля Грэк, Сяргей Барсток, Дзмітрый Крамянецкі, Раман Васільеў, Арцём Леўчанка і Уладзімір Яроменак, Сяргей Кулініч.

У спісе затрыманых па справе аб падрыхтоўцы «масавых беспарадкаў» застаецца 21 асоба. Дзесяці з іх ужо прадʼяўлены абвінавачванні. Ім пагражае да 3 гадоў турмы.

4 красавіка а 19:00 пад сценамі КДБ адбудзецца акцыя салідарнасці з затрыманымі па справе Белага легіёну. Карэспандэнты «Белсату» будуць весці наўпроставую трансляцыю на нашай старонцы belsat.eu.

ДР belsat.eu паводле svaboda.org

Глядзі таксама
Каментары