Оўбама асабіста заклікаў Уладзіміра Пуціна вызваліць Надзею Саўчанку


Прэзідэнт ЗША Барак Оўбама падчас тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным заявіў пра неабходнасць вызваліць украінскую лётчыцу Надзею Саўчанку, якую ўтрымліваюць пад вартай у Расеі, паведаміў прэс-сакратар амбасады ЗША ў Маскве Ўіл Стывэнз.

«Прэзідэнт ЗША Барак Оўбама заклікаў свайго расейскага калегу Уладзіміра Пуціна вызваліць затрыманую лётчыцу і парламентарыя Надзею Саўчанка ў адпаведнасці з палажэннямі Менскіх дамоўленасцяў пра неабходнасць вызвалення ўсіх асоб, якіх утрымліваюць незаконна», – сказаў амерыканскі дыпламат.

Надзея Саўчанка з ліпеня 2014 года знаходзіцца ў Расеі пад вартай паводле абвінавачання ў забойстве расейскіх журналістаў на ўсходзе Украіны. Сама яна ўсе абвінавачванні абвяргае і заяўляе, што яе гвалтам вывезлі ў Расею.

Крымінальную справу ў дачыненні да Надзеі Саўчанкі разглядае Данецкі гарадскі суд у Растоўскай вобласці РФ. Падчас пасяджэння ў Данецкам гарадскім судзе 17 снежня 2015 года Надзея Саўчанка абвясціла галадоўку да канца працэсу над ёю, а 4 сакавіка – заявіла пра сухую галадоўку, адмовіўшыся прымаць ваду, аднак перапыніла яе 10 сакавіка да вынясення прысуду суда, запланаванага на 21-22 сакавіка.

МЯ, паводле interfax.com.ua

Стужка навінаў