З бязвізам, але без пашпарта. Што беларусам далі ў 2023 годзе і што ў іх адабралі


Дзяржава ў 2023-м працягвала быць вельмі агрэсіўнай да непажаданых грамадзянаў і пазбаўляла іх усяго, да чаго магла дацягнуцца. Аднак у людзей зʼявіліся і некаторыя новыя магчымасці. Успомнілі, чаго беларусы пазбавіліся праз чыноўнікаў і што новага здабылі ў 2023 годзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дом ураду, дзе адбываюцца пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Што дзяржава адабрала?

З верасня дыпламатычныя прадстаўніцтвы Беларусі за мяжою перасталі мяняць і прадаўжаць тэрмін дзеяння пашпартоў. Тых, каму небяспечна вяртацца ў Беларусь, а тэрмін дзеяння пашпарта заканчваецца, улады фактычна пазбавілі асноўнага дакументу. Дарэчы, апастыль цяпер таксама можна атрымаць толькі ў Беларусі.

Сярод захадаў, скіраваных супраць беларусаў, якія зʼехалі з краіны, – забарона афармляць даверанасць за мяжою. Гэта пазбаўляе грамадзянаў за мяжой магчымасці прадаць кватэру або аўта, развязваць нейкія іншыя адміністрацыйныя справы.

Зрэшты, у некаторых маёмасць збіраюцца зусім адабраць. Гэта анансаваў Следчы камітэт, калі пачаліся ператрусы ў «справе Каардынацыйнай рады». Прапагандысты не пасаромеліся заявіць проста ў эфіры, што кватэра нобэлеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч «ідэальна пасавала б супрацоўніку АМАПу і ягонай сям’і».

Таксама тых, хто выехаў, цяпер могуць пазбавіць грамадзянства, калі яны асуджаныя за экстрэмісцкую дзейнасць.

Hавiны
27-гадовага жыхара Берасця пазбавілі беларускага грамадзянства
2021.11.27 11:33

Калі вы сабраліся стацца прэзідэнтам, то прынамсі пакуль вашыя магчымасці моцна абмежаваныя. Рэч нават не ў тым, што пасада грунтоўна занятая. Палата прадстаўнікоў прыняла 22 снежня змены ў Закон аб прэзідэнту Рэспублікі Беларусь. Зʼявілася шмат патрабаванняў, якія значна памяншаюць колькасць патэнцыйных кандыдатаў. У прыватнасці гэта можа быць грамадзянін Беларусі з нараджэння, не маладзейшы за 40 гадоў (да зменаў было 35 гадоў). Таксама гэты чалавек мусіць жыць у Беларусі не менш за 20 гадоў, з іх 10 – беспасярэдне перад выбарамі. Калі маеце грамадзянства іншай дзяржавы, ВНЖ або іншыя дакументы, якія даюць права на ільготы і перавагі, прэзідэнтам вам не быць. Выходзіць, усе эмігранты ці хаця б уладальнікі карты паляка не могуць заняць пасады прэзідэнта Беларусі.

Барацьба з беларусамі працягнулася і ў інтэрнэце. ААЦ адабраў даменнае імя ў выдання ex-press.by. БАЖ назваў гэта перавышэннем паўнамоцтваў і паведаміў, што ведае як мінімум пра яшчэ адзін такі выпадак.

Маладзёны не змогуць атрымаць адтэрмінавання ад войска, калі пастанавілі вучыцца ў замежных ВНУ. Выключэнне толькі для «мэтавікоў», якіх адпраўляюць вучыцца за мяжу дзяржаўныя органы. Калі ўсё ж зʼехаць па адукацыю, то такім асобам пагражаюць крымінальныя справы за «ўхіленне ад захадаў прызыву на вайсковую службу» (ч. 1. арт. 435 КК РБ).

Агляд
Школа для эліты. Чые дзеці навучаюцца ў гімназіі маці Мікалая Лукашэнкі?
2023.12.25 13:19

Разнастайныя абмежаванні, вядома, закранулі і тых, хто застаецца ў Беларусі. Чыноўнікі яшчэ ў 2020 годзе пастанавілі, што людзям не абавязкова ведаць праўду пра захворванне на каронавірус і смяротнасць. Пасля ўвядзення сектаральных санкцыяў працягнула знікаць эканамічная статыстыка. У студзені Белстат схаваў звесткі пра адток IT-спецыялістаў, а ў красавіку выпусціў інструкцыю, згодна з якою можа хаваць звесткі, калі яны здольныя «нашкодзіць нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасці, правам і законным інтарэсам юрыдычных і фізічных асобаў».

Менскі гарвыканкам супраць дзіцячых садкоў і вернікаў

У красавіку Менскі гарвыканкам адсправаздачыўся, што ў Менску не засталося прыватных дзіцячых садкоў, а з 12 прыватных школаў засталіся толькі тры. У кастрычніку 2022 года Лукашэнка падпісаў указ аб ліцэнзаванні адукацыі. Гэта адбылося пасля таго, як у адной са школаў хлопчык пашкодзіў вока дзяўчынцы, стрэліўшы з цацачнага пісталета. Падчас правярання выявілася, што кіраўнікі школы «на дух не ўспрымаюць беларускай дзяржавы».

У кастрычніку суд зліквідаваў пратэстанцкую царкву «Новае жыццё». Пазоў падаў Менскі гарвыканкам за тое, што царква нібыта займалася экстрэмісцкаю дзейнасцю і парушыла Закон аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях. Тым часам вернікі не могуць вярнуць сабе касцёлу Святых Сымона і Алены. Чырвоны касцёл зачынены ўжо больш як 15 месяцаў нібыта на рамонт пасля пажару ў верасні 2022 года. У кастрычніку 2023-га сталічныя ўлады заявілі, што рамонт пачнецца толькі ў 2024 годзе.

Hавiны
«Спадзяемся на вас, як на чараўніка». Парафіяне зачыненага Чырвонага касцёлу напісалі ліст Лукашэнку
2023.12.20 21:46

Якія магчымасці зʼявіліся?

Затое ёсць цэлы комплекс новых магчымасцяў, асабліва калі гаворка пра «дружалюбныя» краіны. Напрыклад, з 1 красавіка 2024 года беларусы змогуць замяніць правы кіроўцы на расейскія без экзаменаў. Гэтак жа могуць атрымаць беларускія правы расейцы.

Яшчэ беларусы змогуць адкрываць рахункі ў расейскіх банках дыстанцыйна. Праўда, гэта не цуды інтэграцыі. Расея адкрыла такую опцыю для грамадзянаў 25 краін. Сярод іх таксама Алжыр, Бахрэйн, Кітай, ААЭ, Пакістан.

Калі нехта тужыць, што не ўдалося атрымаць візы ў Еўропу, то можна суцешыцца тым, што стала магчыма без візы трапіць у Вʼетнам, а ў будучыні можна будзе і ў Іран. Яшчэ зʼявіліся беспасярэднія авіярэйсы з Менску ў правінцыю Хайнань (Кітай), у Дэлі (Індыя) і ў Аман.

Ёсць і прыемнае новаўвядзенне для тых, хто зʼехаў. Грошы не пахнуць, таму можна здзяйсняць плацяжы праз беларускі АРІП з замежных картак. З лістапада «месца перабывання плацельшчыка значэння не мае», паведамляе АРІП.

Яшчэ беларусы атрымаюць выходны для дыспансерызацыі. Для асобаў да 40 гадоў гэта адзін дзень раз на тры гады. Пасля 40 гадоў дзень для абыходу дактароў можна браць кожны год. Пенсіянеры, якія працягваюць працаваць, могуць разлічваць на два аплатныя выходныя дні кожны год.

Агляд
На прадпрыемствах няма каму працаваць? Што адбываецца на рынку працы ў Беларусі
2023.12.27 16:50

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў