У Польшчу з пачатку вайны ва Украіне прыехалі больш за 2 300 000 уцекачоў. Такая раптоўная і вялізная хваля міграцыі – няпросты выклік для любога народу. Украінцы спрабуюць інтэгравацца ў польскае грамадства, палякі ж з захапленнем назіраюць за самаадданай барацьбой украінцаў і пазбаўляюцца стэрэатыпаў аб усходніх суседзях. Пра тое, наколькі проста даецца інтэграцыя і як палякі адгукаюцца на вялізную хвалю мігрантаў, «Белсат» паразмаўляў з выкладчыцай польскай мовы для замежнікаў Каміляй Квяткоўскай.
Нашая суразмоўца Каміля Квяткоўска выкладае польскую мову ў Цэнтры польскай мовы і культуры для Палоніі [польскай дыяспары. – Рэд.] і замежнікаў Універсітэту Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне. Цяпер жанчына перабывае ў Харватыі як лектарка польскай мовы ва ўніверсітэце Заграбу. Заняткі для ўкраінскіх уцекачоў Каміля праводзіць онлайн.
Выкладчыца адразу зазначае, што ахвотных вучыць польскую мову больш, чым ёсць месцаў на курсах – прынамсі, такая сітуацыя складваецца ў Цэнтры польскай мовы і культуры ў Любліне. На сённяшні дзень у Цэнтры працуюць 14 моўных групаў, у кожнай – у сярэднім па 17 слухачоў. Сем групаў працуюць стацыянарна, у яшчэ сямі «студэнты» займаюцца онлайн. Сярод слухачоў – 190 жанчын і 30 мужчынаў. Узрост – ад 8 да 74 гадоў.
Кожная група мае два заняткі на тыдзень.
«Гэта няшмат для вывучэння замежнай мовы, – кажа Каміля. – Аднак, па-першае, украінская і польская ўсё ж падобныя мовы, таму высілкаў для навучання адназначна спатрэбіцца менш, чым у выпадку з нейкай зусім незнаёмай мовай. Я думаю, нават без навучання і ўкраінцы нас, і мы іх зразумеем у 80 % выпадкаў. А па-другое, уцекачы і так штодня вучацца ў побытавых сітуацыях – у крамах, на рынках, у звычайнай камунікацыі з палякамі».
З гэтай жа прычыны з самага пачатку курсы для ўцекачоў адрозніваюцца ад класічнага навучання замежнай мове. Акцэнт робіцца на камунікацыі: як зрабіць пакупкі, замовіць каву, ежу, пайсці на пошту, да лекара. З граматыкі даецца патрэбны мінімум.
Усе курсы бясплатныя. Выкладчыкі вядуць іх як валанцёры, нічога на гэтым не зарабляюць.
Наша суразмоўца зазначае, што праца з уцекачамі больш складаная, чым са студэнтамі ўніверсітэту. Не ўсе слухачы штодня прыходзяць, што зразумела, кажа Каміля – людзям трэба шукаць жытло, працу, абжывацца, гэта часта задачы больш пільныя, чым вывучэнне мовы. У працы з уцекачамі ад настаўнікаў патрабуецца больш спантаннасці і эластычнасці, бо бывае, што ў групе з’яўляюцца новыя людзі, якія нават яшчэ літараў не ведаюць. Навучэнцы таксама з рознай адукацыяй, рознай здольнасцю да моваў. Прасцей выкладчыкам з досведам, але валанцёрыць ідуць і нядаўнія выпускнікі ўніверсітэтаў.
«Ахвотных настаўнікаў вельмі шмат, – зазначае Каміля. – Калі курсы толькі пачыналіся, да нас звярнулася больш настаўнікаў, чым было патрэбна. Мяне прыемна ўразіла такая зычлівасць з боку палякаў, што мы так адкрыліся на дапамогу ўкраінцам. Я вельмі ганаруся сваймі суайчыннікамі».
Каміля далучылася да валанцёраў, бо хацела дапамагчы ўцекачам з Украіны, і разумела, што выкладанне мовы – гэта якраз тая галіна, дзе яна можа быць карыснай.
«Я не магла паехаць на мяжу сустракаць і да г. п., але я ўмею вучыць замежнікаў, таму я адразу ўключылася ў гэтую працу», – кажа выкладчыца.
Каміля звяртае ўвагу, што не толькі ўкраінцы цяпер у вялізнай колькасці вучаць польскую мову, бо маюць у гэтым натуральную патрэбу пасля пераезду. Аднак адначасова вырасла зацікаўленасць украінскай мовай сярод палякаў.
«Я чытала, што цяпер значна вырасла папулярнасць курсаў украінскай у інтэрнэце, больш пампуюць адмысловыя мабільныя праграмы, – кажа Каміля. – А калі асацыяцыя «Wspólnota Polska» зладзіла заняткі аб асновах украінскай мовы, туды прыйшло так шмат палякаў, што мы ўсе былі ў шоку».
Асаблівы рост цікавасці да ўкраінскай мовы назіраецца сярод школьных настаўнікаў, кажа наша суразмоўца. Гэта звязана з тым, што ў школы цяпер прыходзіць шмат украінскамоўных дзяцей, і настаўнікі не ведаюць, як з імі працаваць, нават крыху баяцца, што ні яны дзяцей не зразумеюць, ні дзеці іх, зазначае Каміля.
«Але я думаю, што гэта крыху заўчасная паніка, бо я перакананая: усё ж мы, славяне, здольныя зразумець адзін аднаго, нават калі не вывучалі мовы, – кажа выкладчыца. – І пачынаць, мне падаецца, трэба не з таго, каб адразу вучыць граматыку, а паслухаць, навучыцца разумець, убачыць падабенства паміж мовамі».
Каміля падкрэслівае, што найменш трэба хвалявацца за дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, бо яны вельмі хутка асвойваюць замежныя мовы. Цяжэй старшакласнікам.
«Дзеці, якім цяпер 4–6 гадоў, будуць мець найменш праблемаў. У такім узросце мозг вельмі мабільны, паглынае веды як губка. Акрамя таго, дзеці хутка вучацца праз гульні, песні, вершыкі, – кажа Каміля. – Далей будзе цяжэй. Кожная мова мае сваю сістэму гукаў, і калі дзіця толькі нараджаецца, яно здольнае ўсе гэтыя гукі лавіць, але калі расце ў пэўным грамадстве, вуха прызвычайваецца да той мовы, якую чуе, хутка разумее, што іншых гукаў яму не трэба, і да 12-13 гадоў ужо горш успрымае «чужыя» гукі, і тады замежную мову вучыць цяжэй».
Каміля выказвае меркаванне, што, магчыма, найлепшым выйсцем для дзяцей уцекачоў была б арганізацыя навучання онлайн паводле ўкраінскай сістэмы. Адначасова нейкія заняткі трэба праводзіць у польскіх школах, каб абавязкова прысутнічала камунікацыя. Але разумным было б не патрабаваць ад украінскіх дзяцей адразу навучацца на польскай мове, заўважае выкладчыца.
Каміля зазначае, што цяперашняя сітуацыя – сур’ёзны выклік і для ўкраінцаў, і для палякаў, і тое, што адбываецца, у пэўным сэнсе зменіць грамадства.
«Не толькі ў моўным, у ментальным плане таксама, – зазначае выкладчыца. – Ужо змянілася, напрыклад, стаўленне палякаў да ўкраінцаў. Бо ні для каго не сакрэт, што раней рэпутацыя сярэднестатыстычнага ўкраінца ў вачах палякаў была не найлепшай. Было шмат стэрэатыпаў. Цяпер жа яны ламаюцца. Палякі ўбачылі, як украінцы змагаюцца за сваю краіну, і шчыра захапіліся гэтай барацьбой».
З цягам часу цікавасць не толькі да ўкраінскай мовы, але і да гісторыі, культуры ў палякаў будзе толькі расці, лічыць Каміля.
«Ужо цяпер я бачу цікавасць да ўкраінскай музыкі. У нас праводзяцца выставы ўкраінскіх мастакоў, – кажа выкладчыца. – А той жа серыял «Слуга народу», хоць і не ўчора быў зняты, але заняў другое месца паводле папулярнасці на «Netflix». Мы з украінцамі і далей будзем лепш адзін аднаго пазнаваць, збліжацца. Таксама праз тое, што ўцекачы жывуць у польскіх дамах цяпер, гэта яшчэ хутчэй будзе разбураць стэрэатыпы. Будуць змяшаныя шлюбы. Вядома, не трэба падманвацца, узнікнуць таксама і праблемы, бо і палякі ёсць розныя. Напружанне будзе, непаразуменне, прэтэнзіі, але я спадзяюся, што пазітыўны бок пераважыць. Нас чакае няпросты і цікавы час».
На пытанне, ці была ў палякаў цікавасць да беларускай мовы ў 2020–2021 гадах, Каміля адказвае, што значнай хвалі не назірала.
«Думаю, што гэта звязана найперш з моўнай сітуацыяй у самой Беларусі, дзе беларуская мова не так шырока выкарыстоўваецца, як украінская ва Украіне, – кажа Каміля. – Ну і беларуская эміграцыя была ўсё ж меншай і больш расцягнутай у часе, чым такі раптоўны прыезд вялізнай колькасці ўкраінскіх уцекачоў. Таму асаблівай патрэбы вывучаць беларускую мову проста не ўзнікла. Хоць я, напрыклад, у той час, калі ў Беларусі былі пратэсты, шмат слухала навіны па-беларуску, асабліва «Белсат», тады і пазнаёмілася больш блізка з беларускай мовай».
Ганна Ганчар belsat.eu