Увечары ў пятніцу 27 кастрычніка Армія абароны Ізраілю Цагаль абвесціла, што пашырае наземную аперацыю ў Газе і пачала масавы абстрэл. Карэспандэнты ВВС распавядаюць, што там адбываецца.
За мінулую ноч у выніку абстрэлаў найбольш пацярпела паўночная частка сектару Газа, хоць удары наносіліся таксама і па паўднёвай частцы. У Рафаху – самым паўднёвым пункце выезду з сектару Газа, які знаходзіцца на мяжы з Сінайскім паўвостравам, шматлікія разбурэнні будынкаў. Тут знаходзіцца адзіны ў Газе памежны пераход, які не кантралюецца Ізраілем.
Усе лініі сувязі, у тым ліку сотавая сувязь і інтэрнэт у Газе цягам 10 гадзін былі адключаныя ізраільскімі ўладамі, піша ВВС. На вуліцах гораду не вельмі шмат жыхароў, але яны знаходзяцца ў паніцы, бо не ведаюць, што рабіць у бягучых абставінах і непакояцца датычна наступнай фазы ізраільскіх атак.
«Стан панікі, страху і хаосу», – так апісвае абстаноўку ў Газе карэспандэнт ВВС.
Служба грамадзянскай абароны сектару Газа, якая знаходзіцца пад кантролем ХАМАС, які ў ЕЗ, ЗША і Ізраілі прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй, сцвярджае, што ізраільская авіяцыя разбурыла сотні жылых дамоў і што авіяўдары наносіліся пераважна ў раёнах, дзе знаходзяцца лякарні Аль-Шыфа і Інданезійскі шпіталь у Джабаліі. Аднак паведамленняў аб шкодзе, нанесенай менавіта лякарням, няма.
Паводле відавочцаў, на вуліцах і дарогах Газы ўтварыліся шырокія кратары ад выбухаў.
Тым часам ХАМАС заявіў, што спрабуе ўстанавіць месцазнаходжанне закладнікаў з расейскім грамадзянствам, каб вызваліць іх.
«З расейскага боку, праз МЗС, мы атрымалі спіс грамадзянаў, якія маюць падвойнае грамадзянства. Мы да гэтага спісу вельмі ўважліва ставімся і старанна будзем апрацоўваць, таму што мы глядзім на Расею як на нашага найбліжэйшага сябра. Цяпер мы шукаем тых людзей, спіс якіх перадаў расейскі бок. Гэта складана, але мы шукаем. І як толькі знойдзем, то адпусцім», – перадае расейская агенцыя РИА Новости сябра палітбюро ХАМАС Абу Марзука. У спісе, паводле яго, восем імёнаў.
ХАМАС захапіў у закладнікі людзей на тэрыторыі Ізраілю падчас нападу 7 кастрычніка. Вядома, што ў палоне ўтрымліваюцца 229 чалавек.
Прадстаўнік Арміі абароны Ізраілю Даніэль Хагары на брыфінгу ў суботу коратка падсумаваў аператыўную абстаноўку на паўднёвым і паўночным франтах. Паводле яго, у Газе ізраільская армія праходзіць этап сапраўднай вайны.
Хагары пацвердзіў, што ўвечары ў пятніцу сілы Цагаль увайшлі на тэрыторыю паўночнай часткі сектару Газу і пашырылі наземную аперацыю з удзелам пяхоты, бранятанкавых, інжынерых і артылерыйскіх частак, якія дзейнічаюць пры магутнай агнявой падтрымцы. Таксама Цагаль працягвае масіраваныя атакі з паветра і мора.
Цагаль заявіў, што гэтай ноччу ізраільскімі сіламі былі забітыя камандзір ВПС ХАМАС, якога Ізраіль лічыць адной з ключавых фігур у арганізацыі нападу 7 кастрычніка, і камандзір ваенна-марской брыгады Газы. Таксама былі забітыя камандзіры некалькіх аддзяленняў тактычнага звяна ХАМАС.
«Войскі ўсё яшчэ знаходзяцца ў полі працягваюць вайну. Мы працуем над дасягненнем мэтаў, якія паставілі перад сабой, і якія вызначаныя для нас: знішчэнне ХАМАС, бяспека межаў і высілкі па вяртанні закладнікаў», – сказаў Хагары.
Паводле Цагаль, у выніку аперацыі былі знішчаныя 150 падземных тунэляў, якія ХАМАС выкарыстоўваў як у баявых мэтах, так і ў якасці дадатковай інфраструктуры.
Ізраіль паабяцаў прапусціць у суботу ў Газу прадукты харчавання, ваду і медыкаменты.
На паўночным фронце на мяжы з Ліванам у пятніцу ўвечары Цагаль атакаваў ваенную інфраструктуру «Хезбалы» у адказ на агонь у бок Ізраілю. На заходнім беразе ракі Іярдан ізраільская армія знаходзіцца ў стане высокай гатовасці, хоць апошнія содні на гэтай тэрыторыі прайшлі адносна спакойна.
Хагары таксама заявіў, што з пачатку вайны супраць ХАМАС загінулі 311 ізраільскіх вайскоўцаў. Два байцы загінулі ў аперацыі ноччу з 27 на 28 кастрычніка.
Сваякі закладнікаў, якія знаходзяцца ў палоне ХАМАС, выказалі заклапочанасць у сувязі з пашырэннем наземнай аперацыі ў Газе. Камітэт прадстаўнікоў сем’яў закладнікаў і зніклых без вестак выпусціў заяву з патрабаваннем тэрміновай сустрэчы з прэм’ер-міністрам Бэньямінам Нетаньягу і міністрам абароны Ізраілю, каб абмеркаваць бяспеку выкрадзеных ізраільцянаў. Улады Ізраілю заяўляюць, што бяспека закладнікаў – іхны прыярытэт, і пры прыняцці аператыўных рашэнняў яны перш за ўсё ўлічваюць пытанне іхнай бяспекі.
Праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch заявіла, што адключэнне сувязі ў Газе стварае пагрозу прыкрыцця масавых злачынстваў і парушэння правоў чалавека.
«27 кастрычніка 2023 года на фоне масіраваных ізраільскіх бамбаванняў у сектары Газа адбыліся паўсюдныя адключэнні тэлефоннай сувязі і інтэрнэту, што практычна цалкам адрэзала 2,2 мільёны жыхароў ад вонкавага свету. Такое адключэнне небяспечна прыкрыццём масавых злачынстваў і беспакаранасцю за парушэнні правоў чалавека», – гаворыцца ў заяве HRW.
Міжнародныя арганізацыі Amnesty International, «Лекары без межаў», Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа і іншыя заявілі ў пятніцу, што згубілі сувязь са сваімі супрацоўнікамі ў Газе. Сусветная арганізацыя аховы здароўя заявіла, што не можа звязацца з супрацоўнікамі, медычнымі ўстановамі, медперсаналам і гуманітарнымі партнёрамі ў Газе.
Прадстаўнік Упраўлення ААН па каардынацыі гуманітарных пытанняў Лін Гасцінг заявіла, што праца шпіталяў і гуманітарныя аперацыі ААН не могуць працягвацца без сувязі, а таксама без энергіі, прадуктаў харчавання, вады і медыкаментаў.
Ілан Маск заявіў, што забяспечыць паслугі спадарожнікавай сувязі сеткі Starlink у сектары Газа для міжнародна-прызнаных арганізацыяў, якія аказваюць дапамогу мірным жыхарам. Такім чынам ён адрэагаваў на пост амерыканскай кангрэсвумэн, якая заявіла, што пазбаўленне 2,2 млн жыхароў рэгіёну інтэрнэту і сувязі недапушчальнае.
Міністэрства аховы Газы тым часам паведаміла новыя дадзеныя пра загінулых за час вайны – 7703 чалавекі, з іх больш за 3500 дзяцей. Мінздароўя Газы знаходзіцца пад кантролем ХАМАС, пацверджання прыведзеных лічбаў у незалежных крыніцаў няма.
7 кастрычніка 2023 года ХАМАС здзейсніў найбуйнейшую за апошнія гады ракетную атаку на Ізраіль. Напады працягваюцца ўжо тры тыдні. Гэтак, масавы ракетны абстрэл Ізраілю адбыўся 24 кастрычніка.
Агульная колькасць ахвяраў з боку Ізраілю – больш за 1400 загінулых, больш за 3500 параненых, каля 220 закладнікаў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu