Здарэнні з аўтобусамі: адзін з'ехаў у кювет, другі сутыкнуўся са снегаўборачнай машынай


На трасах рэспубліканскага значэння М-6 і М-7 адбыліся здарэнні з пасажырскімі аўтобусамі, ніхто з пасажыраў фізічных пашкоджанняў не атрымаў. Пра здарэнні паведамляюць аператыўныя службы МНС і МУС.

Здарэнне з аўтобусам ля вёскі Шараі.
Фота: МНС / mchs.gov.by

Паводле МНС, 28 сакавіка адно здарэнне адбылося на аўтадарозе М-6 Менск – Горадня ля вёскі Шараі Валожынскага раёну Менскай вобласці. Кіроўца пасажырскага аўтобуса, які ехаў міжнародным маршрутам Менск – Вільня не справіўся з кіраваннем, і аўтобус зʼехаў у кювет. Фізічных траўмаў няма. Аднак ратавальнікам давялося разблакоўваць дзверы аўтобуса, якім замінаў адчыніцца снег. У выніку 18 пасажыраў вярнуліся ў Менск, 25 засталіся чакаць іншы аўтобус, каб працягнуць рух па маршруце.

Здарэнне з аўтобусам на шашы М-7.
Фота: УУС Менскай вобласці / belta.by

Пра другое здарэнне паведамляе БелТА са спасылкай на ДАІ Менскай вобласці. Паводле звестак ДАІ, каля сёмай гадзіны раніцы на 58-м км аўтадарогі М7 Менск – Ашмяны – мяжа Літоўскай Рэспублікі сутыкнуліся грузавік МАЗ і аўтобус «Temsa». Папярэдне высветлена, што кіроўца аўтобуса не саступіў дарогі грузавіку, які ачышчаў і апрацоўваў праезную частку. Ад сутыкнення аўтобус зʼехаў у правы па ходзе руху кювет. Разам з кіроўцам у аўтобусе ехалі 43 чалавекі. Фізічных траўмаў ніхто не атрымаў.

Hавiны
У Менску затрымкі цягнікоў з-за непагадзі, у горадзе прымянілі план «Надворʼе»
2023.03.28 10:28

«Белсат» паведамляў, што 28 сакавіка ў Менску і на дарогах Менскай вобласці праз непагадзь склалася даволі складаная сітуацыя, рух ускладнены моцным снегападам і ветрам да 20 м/с.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў