Праблемы ў эканоміцы, помста, прыніжэнне, шоу. Навошта ў Беларусь клічуць «збеглых»?


Улады анансавалі стварэнне камісіі для вяртання беларусаў з эміграцыі. Афіцыйна гэта называецца «крокам насустрач тым, хто пакаяўся». «Белсат» паразмаўляў з эканамістам, палітолагам, палітыкам і псіхолагам, каб паспрабаваць высветліць сапраўдныя матывы ўлады.

Беларусы на акцыі ў Вільні. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

«Тыя, хто ўсвядоміў, хто раскаяўся, зрабіў публічную заяву. Гэта абавязкова», – гэтак Аляксандр Лукашэнка акрэсліў умовы для тых, хто з’ехаў з Беларусі пасля 2020 года і захацеў вярнуцца. На нарадзе ў Менску 24 студзеня ён заявіў, што гэта – «крок насустрач тым, хто пакаяўся».

«Кожны, хто стаў на шлях выпраўлення і хоча загладзіць сваю віну, мусіць мець шанц на разуменне і ласку», – патлумачыў Лукашэнка, а таксама паведаміў, што будзе вызначаць лёс «блудных сыноў» «разам з людзьмі, грамадскасцю, журналістамі, блогерамі, хто быў на перадавой».

Генпракурор Андрэй Швед, які ўзначаліць адмысловую камісію, заявіў, што гэта будзе «крок гуманізму і міласэрнасці моцнай дзяржавы». З ягоных словаў, на «гуманізм і міласэрнасць» могуць разлічваць асобы, якія «не ўчынялі злачынстваў, не замахваліся на наш канстытуцыйны лад, якія раскаяліся і сапраўды хочуць вярнуцца і жыць мірным і спакойным жыццём». У чым каяцца асобам, якія не ўчынялі злачынстваў, Швед не ўдакладніў, але запэўніў, што нават у злачынцаў, як гэта разумеюць сілавікі, будзе шанц на памілаванне.

Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская ў «літасць рэжыму» не верыць. Яна пэўная, што насамрэч у Беларусь праз дэфіцыт кадраў хочуць вярнуць працаўнікоў.

«Беларусы ведаюць: мы зможам вярнуцца дадому тады, калі ўсім людзям і сем’ям будзе гарантаваная бяспека. Такой гарантыяй можа быць тое, чаго цяпер з віны рэжыму ў Беларусі няма: дзейны закон, незалежны суд, прававыя механізмы і дэмакратычныя інстытуты», – гаворыцца ў заяве, апублікаванай у Telegram-канале Ціханоўскай.

Палітык адзначыла, што «замест свабоды рэжым прапануе беларусам заключыць угоду са следствам, каб было мякчэй стаяць на каленях».

«Таму я прашу ўсіх беларусаў памятаць: рэжым не можа стрымаць ніякіх абяцанняў і не можа даць ніякіх гарантыяў. Не верце тым, хто толькі за 2022 год затрымаў 52 беларусаў, якія вярнуліся дадому. Не дайце сябе падмануць».

Што адбываецца ў галаве Лукашэнкі

Старэйшы навуковы працаўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Леў Львоўскі ў каментары «Белсату» распавёў, што ініцыятыву з вяртаннем беларусаў на Радзіму трэба разглядаць з двух бакоў. З аднаго – няспынныя рэпрэсіі ды абяцанні «ўсіх знайсці і пакараць», а з другога – праблемы ў эканоміцы.

«Паводле палітычнай логікі, сапраўды, чым меней асобаў, не задаволеных рэжымам у краіне, тым меней пратэснага патэнцыялу. Палітыка выціскання людзей з краіны не змянілася. Амністыі няма. Лукашэнка не лічыць, што ён да канца перамог і што ягоная ўлада ў бяспецы, таму рэпрэсіі працягваюцца».

Пры гэтым эканамічныя дарадцы папярэджваюць Лукашэнку пра наступствы міграцыі, мяркуе суразмоўца «Белсату». Львоўскі адзначыў, што, паводле розных ацэнак, за два гады Беларусь пакінулі ад 100 да 300 тысяч асобаў (Белстат гэтую статыстыку хавае).

«Гэта не проста сярэдні зрэз грамадства. Едуць маладзёны, айцішнікі, прадпрымальнікі – тыя, хто мусіць будаваць будучыню краіны. Проста цяпер мы не адчулі ўсяго эканамічнага эфекту, а ён вельмі значны для будучыні. Эканамічны блок, эканамічныя дарадцы Лукашэнкі кажуць яму, што гэта сур’ёзная праблема і тут трэба штосьці рабіць».

Аналітыка
Беларуская міграцыя ў 2022 годзе. Як паўплывала вайна
2023.01.20 07:00

У выніку «два тэзісы (што нелаяльныя людзі непатрэбныя – і што яны патрэбныя для эканомікі) сустракаюцца ў галаве ў Лукашэнкі і пачынаюць змагацца адзін з адным», – кажа эканаміст.

«Цяпер у Беларусі галоўная логіка – захаванне ўлады. Мы бачым, што ўрад зусім не спяшаецца ісці на палітычныя саступкі дзеля эканомікі ці будучыні краіны. Для Лукашэнкі важнейшая ягоная ўлада, чым нейкая эканоміка, нейкія тэмпы росту праз 10 гадоў».

Львоўскі параіў падумаць двойчы пры развагах наконт магчымасці вяртацца, бо абяцанні бяспекі нічым не падмацаваныя. «Баюся, што значная частка людзей, якія павераць абяцанням і вернуцца, рэальна рызыкуюць сваёй свабодай», – падсумаваў суразмоўца «Белсату».

Дэманстрацыя Захаду

Адказны ў пытаннях рэгіянальнага развіцця Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Юрась Губарэвіч мяркуе, што гатовасць уладаў «зразумець і дараваць» – дэманстрацыя Захаду і аргумент для адвакатаў афіцыйнага Менску. Палітык сказаў «Белсату», што такую «міласэрнасць» могуць выдаць за намёк на лібералізацыю.

«Шмат у чым гэта звязана з санкцыйным ціскам. Лукашэнка не можа пайсці на выстаўленыя ўмовы (вызваленне палітвязняў, правядзенне свабодных і дэмакратычных выбараў, пакаранне вінаватых у парушэнні правоў асобы), бо гэта істотна пахістае ягоную сістэму. І ён вымушаны шукаць нейкія крокі, што прадэманструюць Захаду добрую волю. У Беларусі знойдуцца некалькі краінаў-адвакатаў, якія могуць нават такі слабенькі сігнал успрыняць як гатовасць да дыялогу».

Губарэвіч таксама пракаментаваў меркаванне, што адна з мэтаў вяртання ўцекачоў – спроба пасварыць лідараў апазіцыі з беларусамі і ўнесці раскол у палітычную эміграцыю.

«Лідары апазіцыі нікога за рукі не трымаюць. Ад іх не будзе залежаць, якое рашэнне прымуць беларусы ў эміграцыі. Апазіцыя можа толькі растлумачыць небяспеку вяртання. Не пагаджуся, што гэта нейкім чынам можа ўнесці раскол».

«Прыніжаныя паўстанцы для шоу»

Выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтру iSANS Уладзімір Кобец мяркуе, што мэтавая аўдыторыя прыдуманага механізму – унутраны спажывец. Як адзначыў эксперт у размове з «Белсатам», вяртаннем беларусаў з-за мяжы абавязкова скарыстаецца прапаганда.

«Для гэтага нечалавечага шоу ім патрэбныя публічна прыніжаныя паўстанцы, якія плятуцца з-за мяжы дамоў, пацвярджаючы тэзісы прапаганды, што за мяжой яны сябе не знайшлі і расчараваныя ў сваіх лідарах».

Да таго ж, як сказаў Кобец, гэта можа быць спробай разбурыць беларускую дыяспару, што стала ўплывовай палітычнай сілай.

«Сотні беларускіх арганізацыяў, тысячы лакальных ініцыятываў аказваюць уплыў і на мясцовых палітыкаў, і даюць уяўленне выбарцам гэтых палітыкаў, што насамрэч адбываецца ў Беларусі. Гэта пераносіцца на адпаведную палітыку гэтых краінаў, у тым ліку ў прыняцці рашэнняў наконт санкцыяў і ізаляцыі рэжыму», – патлумачыў аналітык.

Акцыя, прысвечаная дню народзінаў Марыі Калеснікавай. Варшава, Польшча. 24 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Эксперт падкрэсліў, што калі б намеры цяперашняй улады сапраўды былі б гуманістычнымі, палітвязняў вызвалілі б з-за кратаў, а беларусаў не хапалі б проста на мяжы за даўнія лайкі і рэпосты.

«Гэта нагадвае 20-ыя гады мінулага стагоддзя, калі беларускіх дзеячаў заманьвалі з Польшчы ў БССР, але потым, у 30-х, усіх забілі. Праўда, тады беларускую эліту заманьвалі беларусізацыяй у савецкай рэспубліцы і не прымушалі прыніжацца і каяцца, а цяпер наадварот: кошт за ўваход у варʼятню – публічнае пакаянне».

Уладзімір Кобец упэўнены, што «задума самазваных прэзідэнтаў і пракурораў праваліцца».

«Шматтысячная беларуская супольнасць, што самаарганізавалася пасля 2020 года за мяжою, – моцная і ўстойлівая структура. Для абсалютнай большасці лідар і абраны прэзідэнт – Святлана Ціханоўская, і такія ініцыятывы фактычна акупаванага Менску не зменяць гэтага і не дасягнуць мэтаў».

«Не вяртайцеся да гвалтаўніка»

Заклікі да беларусаў «пакаяцца і вярнуцца» могуць быць звычайнай помстай, сказала «Белсату» псіхатэрапеўтка Наталля Скібская. Яна пэўная, што Лукашэнка і людзі ў ягонай сістэме – хворыя на ўладу.

«Ім патрэбныя вонкавыя праявы, умоўна кажучы, «любові» ў выглядзе захаплення і пакоры, нават калі гэта не шчыра. І такія праявы ім патрэбныя ў тым ліку ад тых людзей, якіх яны хочуць вяртаць: галаву попелам пасыпалі, скарыліся і прыпаўзлі на каленях».

На думку Скібскай, Лукашэнка і шмат хто з ягоных паплечнікаў прагнуць кантролю, што ёсць наступствам нелюбові ў дзяцінстве.

«Гэта ідзе з дзяцінства. Ёсць асобы, якім не пашчасціла, на якіх не адгукаліся, да якіх не падыходзілі, калі яны плакалі, не кармілі на патрабаванне, яны толькі выжывалі, яны былі безабаронныя, ніхто пра іх не клапаціўся.  Гэтыя людзі, калі вырастаюць, ідуць ва ўладу з упартасцю такой, якая нам і не снілася, бо яна патрэбная для таго, каб сваю трывогу спыніць. Яны не жадаюць быць залежнымі, яны робяць усё, каб астатнія ад іх залежалі», – растлумачыла псіхатэрапеўтка.

Яна прывяла прыклад сем’яў з хатнімі гвалтаўнікамі, якія вяртаюць жонак ці сябровак, калі тыя пайшлі ад іх: «Там няма кахання. Там толькі ўлада: ты мне падпарадкоўваешся, я бог і цар. Гэтак і тут: праява іхнай улады ў выглядзе вяртання беларусаў, якія пакаяліся, яны скароныя, на каленях, каб было відаць: не прыйшоў, а на каленях прыпоўз».

Мітынг беларусаў у Вільні. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Суразмоўца «Белсату» заклікала беларусаў у эміграцыі не верыць абяцанкам уладаў у Менску і не рызыкаваць жыццём.

«Могуць быць асобныя адзінкавыя выпадкі дзеля паказухі. Улада гэтая вельмі помслівая, наскрозь прасякнутая гэтай прагай помсты. Яны паказваюць, наколькі яны траўмаваныя, наколькі ім дрэнна было калісьці – і помсцяць без разбору».

Наталля Скібская нагадала, што заўсёды трэба быць на адлегласці ад гвалтаўніка.

«Вас падмануць. Гэта тое самае, як бывае ў сем’ях з трывалым гвалтам. Жанчын б’юць, а яны вяртаюцца і зноў зазнаюць гвалт. У лепшым выпадку яны губляюць час свайго жыцця і здароўе. А колькі трагедыяў, што канчаюцца смерцю! Таму ніколі не вяртайцеся да гвалтаўніка».

Каментар
Дзмітрый Балкунец пра камісію для вяртання беларусаў з-за мяжы: Гэта пастка!
2023.01.24 19:01

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў