«Прэлюдыя да контрнаступлення». Што цяпер адбываецца пад Бахмутам


Збройныя сілы Украіны перайшлі ў лакальны контрнаступ у ваколіцах Бахмуту, аднак у самім горадзе ПВК Вагнэра працягвае атакаваць украінскія пазіцыі. Belsat.eu распавядае пра парадаксальную сітуацыю, якая склалася ў самай працяглай бітве гэтай вайны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы страляюць з гарматы ля Бахмуту ў Данецкай вобласці, Украіна. 15 траўня 2023 года.
Фота: Libkos / AP Photo / East News

Бітва за Бахмут цягнецца з лета 2022 года. З восені мінулага года гэты кірунак фактычна стаў прыярытэтным для агрэсара: вакол гораду адбываліся найбольш жорсткія і крывавыя баі. Лабавыя атакі на ўкраінскія пазіцыі, падчас якіх расейцы неслі каласальныя страты, празвалі «мяснымі штурмамі». Паводле амерыканскай выведкі, з канца 2022 года пад Бахмутам загінулі каля 20 000 расейскіх вайскоўцаў і яшчэ 80 000 атрымалі раненні. Заснавальнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын таксама прызнаваў, што ў баях за горад загінулі і былі параненыя дзясяткі тысяч наймітаў.

Расейцы прасоўваліся вельмі і вельмі павольна, але ўсё-ткі паступова ўкраінскую абарону прагрызалі. Вясной большую частку Бахмуту вагнэраўцы здолелі захапіць, а групоўка ЗСУ аказалася ў паўколе – шляхі забеспячэння былі пад пастаяннай пагрозай. Аднак на мінулым тыдні ЗСУ перайшлі ў контрнаступ на флангах.

Новая старонка вайны

Спачатку, 9 траўня, стала вядома пра разгром частак 72-й асобнай мотастралковай брыгады РФ у ваколіцах Клішчэеўкі (на поўдзень ад Бахмуту), потым, 12 траўня, пра паспяховыя атакі ЗСУ ў кірунку Бэрхаўкі (на поўнач ад Бахмуту). У Мінабароны РФ для адступлення ў раёне Бэрхаўкі выдумалі новы эўфемізм: заняць новы рубеж «з мэтай павышэння ўстойлівасці абароны».  Яўгеній Прыгожын, як заўсёды, ахарактарызаваў сітуацыю ў вельмі жорсткіх выразах, абвінаваціўшы падраздзяленні Мінабароны ва ўцёках з флангаў і развале фронту.

«Тыя тэрыторыі, якія кроўю і жыццём нашых таварышаў браліся шмат месяцаў, кожны дзень праходзячы дзясяткі або сотні метраў, цяпер амаль без бою пакідаюцца тымі, хто мусіць утрымліваць нашыя флангі», – абураўся ён.

13 траўня спікер Усходняй групоўкі войскаў ЗСУ Сяргей Чэрэваты заявіў, што ўкраінскія вайскоўцы за тры дні контратак вызвалілі 17,3 км² тэрыторыяў на бахмуцкім кірунку. 14 траўня намесніца міністра абароны Ганна Маляр паведаміла, што было захоплена больш за дзесяць апорных пунктаў РФ на поўдзень і поўнач ад Бахмуту, узятыя палонныя, а таксама зачышчаная значная плошча ляснога масіву каля Іванаўскага (6 км ад Бахмуту). Мінабароны РФ прызнала, што падчас баёў загінулі два высокапастаўленыя расейскія афіцэры: камандзір 4-й матастралковай брыгады РФ Вячаслаў Макараў і намеснік камандзіра армейскага корпусу ў вайскова-палітычнай працы Яўгеній Броўка.

У наступныя дні контратакі працягнуліся: 15 траўня Чэрэваты казаў, што за апошнія два дні ўкраінцы прасунуліся на флангах на розных адцінках на адлегласць ад 350 метраў да 2 км. «Але вораг аказвае дзікае супраціўленне», – падкрэсліў ён.

16 траўня ўкраінскія пазіцыі ў раёне Бахмуту наведаў камандуючы сухапутнымі войскамі ЗСУ Аляксандр Сырскі. Ён адзначыў, што вораг ужо лічыў Бахмут сваім, думаў, што ён аточаны, але «цяпер сітуацыя зусім іншая».

«Чарговая старонка нашай вайны, і яна пачалася літаральна тры дні таму, калі вы перайшлі да наступлення. Вы сваймі дзеяннямі ўвялі ў ступар усё расейскае войска», – заявіў Сырскі, звяртаючыся да байцоў.

У другой палове дня 16 траўня Ганна Маляр паведаміла, што агулам на поўдзень і поўнач ад Бахмуту было вызвалена каля 20 км² тэрыторыяў.

Аналітыка
«Наш вораг не ЗСУ». Прыгожын не сыходзіць з Бахмуту, але працягвае павышаць стаўкі
2023.05.11 18:30

Бахмуцкі парадокс

Фактычна ЗСУ здолелі расціснуць паўкола, у якім ужо некалькі месяцаў заставалася ўкраінская групоўка ў ваколіцах Бахмуту. Вораг быў адкінуты ад «трасы жыцця», і цяпер гэта дарога стала больш бяспечнай. Пагроза атачэння, што навісала над украінскімі падраздзяленнямі з пачатку вясны, мінула.

Падчас наступу каля Бэрхаўскага вадасховішча ўкраінскія байцы занялі важныя тактычныя вышыні. Паводле Прыгожына, гэтыя вышыні маюць ключавое значэнне, бо з іх Бахмут – як на далоні. «Кухар Пуціна» ўпэўнены, што, абапіраючыся на гэтыя вышыні ,ЗСУ цяпер паспрабуюць атачыць групоўку ПВК Вагнэра.

На магчымае акружэнне намякнуў і генерал Сырскі падчас наведвання пазіцыяў украінскіх вайскоўцаў. «Вагнэраўцы залезлі ў Бахмут, як пацукі ў пастку», – падкрэсліў ён.

Парадокс палягае на тым, што ў самім Бахмуце вагнэраўцы працягваюць наступаць – цяжкія баі цяпер ідуць у заходніх ваколіцах гораду. Кіраўнік праекту «Conflict Intelligence Team» Руслан Левіеў мяркуе, што «вагнэраўцам удалося даволі сур’ёзна прасунуцца адносна папярэдняга свайго тэмпу» (праўда, прасоўванне ў любым выпадку вымяраецца максімум некалькі сотнямі метраў).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія салдаты ля Бахмуту ў Данецкай вобласці, Украіна. 15 траўня 2023 года.
Фота: Libkos / AP Photo / East News

Аглядальнік украінскай суполкі «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка ўдакладняе, што цяпер акупанты па вуліцы Леванеўскага рухаюцца ў кірунку руінаў 12-й і 18-й школы. Расейцы вядуць вельмі інтэнсіўны агонь, актыўна выкарыстоўваюць авіяцыю. «Ваенны злачынец Прыгожын дае справаздачу аб заняцці шматпавярховых дамоў, але, па сутнасці, ён дае справаздачу аб захопе руінаў, якія немагчыма ўтрымліваць», – тлумачыць Каваленка.

Прыгожын сцвярджае, што ЗСУ кантралююць усяго 1,46 км² Бахмуту (агульная плошча паселішча – 41,6 км²). «Застаўся квартал ніжэй вуліцы Юбілейнай і невялікі кавалак прыватнага сектару – і Бахмут будзе цалкам узяты пад кантроль», – заявіў бізнесовец уначы на 17 траўня.

Украінскае камандаванне не распавядае, якая частка гораду яшчэ застаецца ў руках байцоў ЗСУ, але факт прасоўвання наймітаў прызнае.

«Вораг крыху прасоўваецца ў самім Бахмуце, поўнасцю знішчаючы горад артылерыяй. Акрамя таго, вораг падцягвае падраздзяленні прафесійных дэсантнікаў. Працягваюцца цяжкія баі з розным вынікам», – распавяла 16 траўня Ганна Маляр.

Застаецца адкрытым пытанне: навошта ПВК Вагнэра працягвае атакаваць у самім горадзе, калі Прыгожын упэўнены, што ЗСУ будуць спрабаваць атачыць ягоную групоўку? Калі флангі сапраўды «сыплюцца», як кажа бізнесовец, то найміты мусяць думаць аб адыходзе, а не залазіць у пастку яшчэ далей. Тым больш што заснавальнік ПВК Вагнэра тыдзень таму прызнаваўся: Бахмут не мае стратэгічнага значэння і не будзе адыгрываць істотнай ролі ў далейшых аперацыях.

Нельга выключаць, што падобная нелагічнасць тлумачыцца асабістымі амбіцыямі Прыгожына, які, паводле інфармацыі медыяў, абяцаў Пуціну захапіць горад і разлічвае праз гэтую перамогу павялічыць свой уплыў у краіне.

Адцягваючы ўдар?

Варта разумець, што атакі ЗСУ пад Бахмутам – гэта не той маштабны ўкраінскі контрнаступ, які даўно ўсе чакаюць. Пакуль дзеянні ўкраінскіх вайскоўцаў у гэтым раёне больш падобныя на лакальную аперацыю тактычнага характара. Хутчэй за ўсё, гэтыя атакі – частка вялікага плану камандавання ЗСУ, але наўрад ці падзеям у раёне Бахмуту адводзіцца там галоўная роля.

«Бахмут – гэта прэлюдыя да контрнаступлення, – заявіў у інтэрв’ю «Bild» дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк. – Гэта дзверы, якія адкрываюць магчымасць для Украіны пачаць паспяховае контрнаступленне».

Былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў) упэўнены, што ЗСУ наносяць пад Бахмутам дапаможны ўдар і за межы тактычных задачаў выходзіць не збіраюцца. Расейскі вайсковец і блогер Андрэй Марозаў (тэлеграм-канал «Нам пишут из Янины») таксама мяркуе, што галоўная задача Украіны – адцягнуць расейскія рэзервы на другасныя кірункі, а потым нанесці галоўны ўдар на зусім іншым напрамку.

Калі ідэя ўкраінскага боку палягае менавіта ў гэтым, то з задачай адцягнуць увагу расейскага камандавання яны пакуль паспяхова спраўляюцца. 16 траўня тэлеграм-канал «Рыбарь» паведаміў, што Расея дадаткова перакінула пад Бахмут чатыры батальёны, каб стабілізаваць сітуацыю на флангах. Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) таксама сцвярджае, што нядаўна на поўнач ад Бахмуту накіравалі часткі 6-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі, якія знялі, імаверна, з лініі Сватава – Купянск (адзін з участкаў, дзе тэарэтычна можа нанесці ўдар ЗСУ).

«Паведамленні аб перакідванні расейскіх падмацаванняў да Бахмуту сведчаць аб тым, што расейскія войскі працягваюць канцэнтраваць там наступальныя сілы, нягледзячы на намаганні змяніць прыярытэты, каб падрыхтавацца да магчымых украінскіх контрнаступленняў», – адзначаюць у ISW у аглядзе за 17 траўня.

Бахмут для такога манеўру адцягвання ўвагі – ідэальная мішэнь. Горад мае вялізарнае прапагандысцкае значэнне для РФ: гэта адзіны ўчастак фронту, дзе ў апошнія месяцы расейскае войска мела поспехі і прасоўвалася наперад. Кожныя заваяваныя сто метраў станавіліся інфармацыйнай нагодай для пракрамлеўскіх медыяў. Таму расейцы не могуць сабе дазволіць проста так адступіць з Бахмуту. Яны, па сутнасці, асуджаны абараняць свае пазіцыі на бахмуцкім кірунку, нават калі гэта будзе паглынаць непрапарцыйна шмат рэсурсаў. Магчыма, на гэта якраз ЗСУ і разлічвае.

«Яна [аперацыя] накіраваная на абсалютная знясіленне суперніка. Фактычна, ён трапіў у гэтую бахмуцкую пастку. Бахмут цяпер –пэўны пункт біфуркацыі. Пунктам далейшага развязвання канфлікту», – падкрэсліў спікер Усходняй групоўкі войскаў ЗСУ Сяргей Чэрэваты.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў