Вінаватае надвор’е? Ізраіль адклаў пачатак наземнай аперацыі ў сектары Газа


Наземная аперацыя Цагалю ў сектары Газа, якая павінна была пачацца ў гэтыя выходныя, адкладзеная на некалькі дзён з прычыны надвор’я. Пра гэта паведамляе The New York Times са спасылкай на высокапастаўленыя крыніцы ў Арміі абароны Ізраілю.

Ізраільскія вайскоўцы.
Фота: idf.il

Паводле суразмоўцаў выдання, хмарнае надворʼе можа ўскладніць магчымасці ізраільскіх пілотаў і аператараў беспілотнікаў падтрымліваць наземныя сілы ізраільскага войска з паветра.

Чакаецца, што ў наземнай аперацыі будуць задзейнічаны дзясяткі тысяч вайскоўцаў сухапутных войскаў, а таксама танкі, сапёры і спецназ пад прыкрыццём авіяцыі і артылерыі. Мэтай аперацыі называецца захоп гораду Газа і знішчэнне вышэйшага палітычнага і ваеннага кіраўніцтва руху «Хамас», што кантралюе сектар Газа.

Агляд
Ізраіль заклікаў пакінуць поўнач Газы, арабскія краіны супраць эвакуацыі людзей з сектару
2023.10.14 20:37

Ранкам 13 кастрычніка ізраільская армія заклікала жыхароў гораду Газа цягам 24 гадзінаў эвакуявацца на поўдзень сектару Газа. Тысячы жыхароў Газы сапраўды эвакуяваліся на поўдзень сектару, але колькасць тых, хто застаўся, цяжка ацаніць ва ўмовах вайны. Паводле некаторых звестак, тыя, хто хацеў бы эвакуявацца, баяцца трапіць пад абстрэлы, бо быў абстраляны канвой на адной з дарог, па якіх абяцалі не весці агонь.

Ізраіль пакуль працягвае абстрэлы, сцягвае войскі да сектару Газа і паведамляе аб лакальных вылазках. Прэм’ер Ізраілю днём 14 кастрычніка прыязджаў да вайскоўцаў блізу сектару і казаў, што «мы ўсе гатовыя» і што абстрэлы – «гэта толькі пачатак».

Агляд
Што за арганізацыі «Хамас» і «Хізбула», якія абвясцілі вайну Ізраілю. І хто стаіць за імі
2023.10.10 08:00

Ці сапраўды Ізраіль пачне наземную аперацыю, невядома. Адныя лічаць яе непазбежнай, іншыя не бачаць, якіх мэтаў можна гэтым дасягнуць. Ізраільскае войска могуць чакаць цяжкія баі ў шчыльнай гарадской забудове – магчыма, у прысутнасці цывільных. Акрамя таго, зачышчаць прыйдзецца шматлікія тунэлі тэрарыстаў.

Нават калі Ізраіль зможа знішчыць тэрарыстаў «Хамас», будучыня сектару Газа незразумелая. Шанцаў на замірэнне мала, але і настрояў аднавіць акупацыю сектару ў Ізраілі няшмат.

Агляд
Ізраіль і сектар Газа: храналогія канфлікту
2023.10.07 19:17

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў