Амбасада Беларусі паведаміла пра беларусаў, якія зніклі пасля землятрусу ў Турцыі


Амбасада Беларусі ў Турцыі паведаміла, што «ўстаноўленыя два выпадкі, калі беларусы не выходзяць на сувязь» пасля землятрусу. Дыпламаты ўдакладняюць інфармацыю ў мясцовых уладаў, піша пасольства ў сваім Twitter.

Наступствы землятрусу ў горадзе Хатай (Hatay), Турцыя. 7 лютага 2023 года.
Фота: Umit Bektas / Reuters / Forum

Беларуская амбасада ў Анкары «адсочвае сітуацыю з наяўнасцю беларусаў сярод пацярпелых у выніку землятрусу ў Турцыі». Паведамленне пра гэта з’явілася ў Twitter пасольства:

«Устаноўленыя два выпадкі, калі беларусы не выходзяць на сувязь. Пасольства падтрымлівае пастаянны кантакт з іхнымі сваякамі ў Беларусі, удакладняе інфармацыю ў кампетэнтных органах Турцыі».

Вядома, што ў горадзе Хатай (Hatay), які найбольш пацярпеў ад землятрусу, знікла беларуска Аляксандра Акпінар і ейнае дзіця. Муж знайшоўся ў шпіталі.

Сястра жанчыны распавяла, што апошні раз размаўляла з Аляксандрай увечары ў нядзелю, пасля гэтага на сувязь яна не выходзіла.

Напярэдадні беларус Дзмітрый, які жыве з сям’ёю ў Мэрсіне (Mersin) – турэцкім горадзе за 250 км ад эпіцэнтру землятрусу, – распавёў «Белсату», што не было SMS ці тэлефанавання аб насоўванні стыхійнага бедства, але адзначыў, што ў некаторых раёнах гораду ездзілі машыны з гукаўзмацняльнікамі і папярэджвалі пра землятрус.

«Страшна проста. Першы раз заспелі землятрус. Схапілі самае неабходнае – у машыну і «па тапках», як кажуць».

Паводле апошніх звестак, лік ахвяраў землятрусу ў Турцыі вырас да 2921, у Сірыі – да 1444. Пацярпелых у абедзвюх краінах – каля 19 500.

Hавiны
Як адчуваўся землятрус магнітудай 7,8 за 250 км ад эпіцэнтру. Аповед беларуса з Турцыі
2023.02.06 23:47

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў