Невядомыя інвестары «пазычылі» Мінфіну Беларусі амаль паўмільярда долараў


Гэта вынікае з апублікаваных Мінфінам дадзеных аб рэалізацыі дзяржаўных аблігацыяў па стане на 1 верасня, паведамляе ej.by.

Паводле ведамства, за перыяд з 1 студзеня па 31 жніўня 2016-га Беларусь прадала доўгатэрміновыя аблігацыі, намінаваныя ў замежнай валюце, на суму $ 902,3 млн. Згодна з папярэднім паведамленнем Мінфіну, у якім былі дадзеныя за перыяд з 1 студзеня па 31 ліпеня 2016-га, абʼём размяшчэння па гэтых аблігацыях складаў $ 420,2 млн. Гэта значыць, за адзін месяц абʼём продажу валютных дзяржаблігацыяў вырас $ на 482,1 млн.

У Міністэрстве фінансаў адмаўляюцца раскрыць сакрэт, хто стаў пакупніком такой вялікай колькасці дзяржаўных каштоўных папераў. Паводле экспертаў, пакупніком могуць быць «дочкі» расейскіх банкаў, якія працуюць на беларускім рынку, піша выданне. У прыватнасці, раней па падобнай схеме беларускую эканоміку крэдытаваў расейскі «Сбербанк».

Навошта Беларусь прадае аблігацыі?

Прадаючы доўгатэрміновыя аблігацыі Беларусь фактычна пазычае грошы на міжнародным рынку каштоўных папераў. Выстаўленыя на продаж дзяржаўныя аблігацыі набываюць інвестары, якія атрымліваюць даход у выглядзе адсоткаў.

Нагадаем, што ў 2010 – 2011 гадах Беларусь размясціла два выпускі еўрааблігацыяў (пяцігадовыя і сямігадовыя) на агульную суму $ 1,8 млрд.

Еўрааблігацыі (назва не мае нічога супольнага з еўрапейскай валютай і зʼяўляеецца данінай традыцыі, бо аблігацыі упершыню сталі выпускаць у Еўропе) – адзін з інструментаў прыцягнення пазыкаў на вонкавых рынках.

Фота: dev.by

ЮВ, belsat.eu, паводле ej.by

Глядзі таксама
Каментары