Пакуль Беларусь хваляць за роўныя дарогі, прынамсі ў параўнанні з Расеяй, зводдаль ад вачэй транзітных турыстаў усё не гэтак узорна. Ад вёскі Сенькава да Магілёва – 8 кіламетраў, а ад менскай шашы – усяго 3. Але праехаць гэты невялікі адцінак дарогі, асабліва ў зімова-веснавы перыяд, без шкоды амаль немагчыма.
ЖЫХАРЫ:
«Кожны сезон, ды якое там, кожны месяц мяняеш гэтыя падвескі, бо гэта жах, на машыне нерэальна праехаць».
«Цвёрдае пакрыццё трэба пакласці».
«Як кажуць, буду грошы – зробяць. Няма грошай, цяпер у дзяржаве і так грошай няма».
Аднак раней сродкі на дзесяцігоддзямі чаканы рамонт, відаць, усё ж такі выдзялялі. Нядаўна жыхары вёскі даведаліся, што сельская дарога, якая звязвае Сенькава з суседнімі паселішчамі ды горадам, стаяла на капітальным рамонце, пра што сведчыў адмысловы пашпарт аб’екту. Пры канцы 2015-га года працу скончылі. Вось толькі жыхары Сенькава як мелі замест дарогі непралазны бруд, гэтак і маюць.
ЖЫХАРЫ В. СЕНЬКАВА:
«У гэтым годзе нашыя дзеці дзён па 15-20 прапусцілі з-за таго, што не можа падʼехаць да іх транспарт».
«На сённяшні дзень гэта ўвогуле не павінна быць праблемай – ля гораду, зусім блізка і мы без асфальту, гэта як бы неяк няправільна».
Абураныя сяльчане кажуць, што за права на сучасны лад жыцця будуць змагацца.
ТАЦЦЯНА ШАМБАЛАВА, СЯБРА БХД, ЖЫХАРКА СЕНЬКАВА
«Мы напісалі скаргу ў Пракуратуру і камітэт дзяржкантролю с просьбаю патлумачыць, які такі быў капітальны рамонт, дзе ён быў і куды ён падзеўся».
З гэтымі ж пытаннямі мы звярнуліся да выканальніка рамонту – прадпрыемства «Магілёўаблдарбуд». Высветлілася, што дарогі да Сенькава ў планах не было і ўсцяж няма.
«МАГІЛЁЎАБЛДАРБУД»:
«Няма фінансавання. У гэтым годзе ўвогуле такая перспектыва, што амаль нічога няма, акрамя ўтрымання».
А пералік назваў вёсак на пашпарце абʼекта – гэта толькі назва кавалку дарогі, дзе асфальт усё ж такі паклалі. А менавіта, толькі да аднаго з пяці паселішчаў – Ільінкі.
УЛАДЗІМІР, ДАЧНІК З ВЁСКІ ІЛЬІНКА:
«Зараз гора не ведаем, гэтак як па грабянцы ездзілі, а цяпер 10 хвілінаў – і ўжо ў Магілёве».
Гэтак жа годна хочуць жыць і ў Сенькава. Аднак, як мяркуюць насельнікі неўладкаванай вёскі, дзеля большай важкасці іхным аргументам не стае… якой-небудзь уплывовай асобы сярод жыхароў. У той час як «ільінцам» пашанцавала з дырэктарам «Магілёўаблаўтатрансу» Валерыем Васілеўскім.
Таццяна Рэут, belsat.eu