«Не дай Бог адчуць на сабе бессэнсоўны і бязлітасны расейскі фашызм». R.I.P. Барыс Нямцоў


Калісьці Пушкін напісаў, што расейскі бунт – бессэнсоўны і бязлітасны. Сёння ў Расеі бунтам нават і не пахне. На нашых вачах нараджаецца крамлёўскі монстр – расейскі фашызм.

Фюрэр XXI стагоддзя

Люмпенізаваная расейская большасць нарэшце мае свайго фюрэра. Б’юся аб заклад, што ў дадзены момант Пуцін спрабуе ўзгадаць, ці не ляпнуў ён у сваім атачэнні нешта кшталту: вывезіце яго ў лес ці патапіце ў сарціры.  А можа, тэлефануе Рамзану Кадыраву і пытаецца, ці не ягоныя байцы прыбралі ворага народу…

У любым выпадку прэзідэнт РФ свядома ці несвядома падштурхнуў кагосьці да забойства. Нямцоў – ахвяра пуцінізму і пуцінскага вар’яцтва.

Расейская ўлада душыць апазіцыю на мітынгах і дае грошы на «антымайданы» ды народныя дружыны, якія «змагаюцца» з пятай калонай. Крамлёўскія сатрапы праклінаюць украінскі Майдан вуснамі ўрапатрыятычных спявачак кшталту Вікі Цыгановай. Прэзідэнт Расеі падлівае алею ў агонь канфлікту на Данбасе і фінансуе «пуцёўкі» ў Данецк ды Луганск для расейскіх шавіністаў, спадзеючыся, што яны там і застануцца. Маленькімі крокамі ён набліжаецца да сваёй асабістай катастрофы. Забойства Нямцова можа стаць пачаткам канца эпохі Пуціна.

Манах Лукашэнка

Расейскі псіхоз умацоўвае пазіцыі Лукашэнкі. Беларусь у параўнанні з Расеяй – прыклад дзяржавы «закону і парадку».  Бацька таксама лупцуе «пятую калону», але «антымайданаў» не фінансуе. А калі трэба прапісаць бізуны нейкаму апазіцыянеру, то хуценька збіраецца суд і па накатанай прымаецца «справядлівае» рашэнне аб выдачы турэмнай робы.

На фоне рашызму Лукашэнка зіхаціць і прыцягвае любоў і павагу Захаду. Апошні дыктатар Еўропы, як будыйскі манах, метадам медытацыі і бяздзейнасці дамогся таго, што ўвесь свет пачынае змяняцца на ягоную карысць.

Максім Чыгунка, belsat.eu

Стужка навінаў