Навіны з паралельнай рэальнасці: у Пячах усё добра


Публікацыі недзяржаўных медыяў пра жахі, што адбываюцца ў беларускай арміі Міністэрства абароны назвала «антывайсковай кампаніяй». Дзяржаўныя крыніцы інфармацыі прапануюць іншую версію рэальнасці: па-першае, сітуацыя у Пячах раздзьмутая. Па-другое, верыць інтэрнэту нельга.

На сайце беларускай вайсковай газеты «Во славу Родины» няма ні адной публікацыі пра смерці жаўнераў у беларускім войску. Ніводнага слова няма і ў папяровым варыянце газеты. Амаль увесь выпуск ад 17 кастрычніка прысвечаны вучэнням АДКБ у Арменіі і Казахстане, дзе ўдзельнічаюць беларускія вайскоўцы.

Тэлебачанне «ВоенТВ» паказала рэпартаж пад назвай «Маці-пра службу сыноў у вучэбным цэнтры» з 72-га вучэбнага цэнтру ў Пячах, дзе здарылася трагедыя Аляксандра Коржыча. Маці, з якімі размаўлялі журналісты, кажуць, што іхныя сыны з вучэбкі ніколі не скардзіліся на непрымальнае абыходжанне або дзедаўшчыну. Толькі прыемныя ўражанні і добрыя водгукі ў рэпартажы.

«Трэба спадзявацца на тое, што следства знойдзе вінаватых і пакарае іх, не шкадуючы. Але я хачу сказаць, шмат чаму не трэба верыць, што там у інтэрнэце напісана. Канешне, доля праўды там ёсць, можа і большая доля праўды. Але вы ведайце, не ўсё што там напісана, – праўда», – кажа адна з маці, седзячы побач з сынам у ваеннай частцы.

Маці Святлана: «У яго (сына) самыя лепшыя ўражанні, ён не расчараваўся ў сваёй службе».

 

На сайце і ў сацыяльных сетках міністэрства абароны заяўляе пра разгорнутую антывайсковую кампанію. У апошняй публікацыі «Стоп фэйкавым навінам» ад 16 кастрычніка на сайце міністэрства дадзены рэцэпт, як прыгатаваць фэйкавую навіну. Гэтак у міністэрстве адрэагавалі на акцыю з плакатам на заднім шкле аўтамабіля.

Як рэагуюць на сітуацыю іншыя дзяржаўныя медыі

Газета «СБ Беларусь сегодня» на шостай старонцы папяровага выдання ад 17 кастрычніка апублікавала кароткую нататку«Печи: следствие продолжается», дзе перадрукавала афіцыйныя заяву міністэрства абароны аб звальненні некалькіх асобаў з кіраўніцтва воінскай часткі ў Печах.

На 1-м канале беларускага тэлебачання на мінулым тыдні некалькі разоў згадваўся выпадак у Печах – таксама праз выказванні і афіцыйныя заявы Міністэрства абароны і Следчага камітэту. Пра смерць жаўнера ў Бярозе не згадваецца, таксама няма абмеркаванняў, і тэма не выведзеная ў топавыя.

У вечаровых навінах 17 кастрычніка на АНТ тэме затрыманняў у сувязі са смерцю Аляксандра Коржыча ў пячах прысвяцілі другое месца пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з галавой знешняй выведкі Расеі. Без сюжэту і каментару, вядоўца распавёў інфармацыю ад Следчага камітэту.

Нягледзячы на тое, што ў недзяржаўных медыях і ў сацыяльных сетках штодня публікуюцца новыя гісторыі і сведчанні салдатаў аб дзедаўшчыне, вымагальніцтве ў беларускай арміі, ніякай падобнай інфармацыі або рэакцыі на гэтыя гісторыі ў дзяржаўных медыях няма.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў