На турэцка-балгарскай мяжы застрэлілі ўцекача. Еўропа адгароджваецца ад мігрантаў


Балгарская паліцыя застрэліла афганскага ўцекача падчас нелегальнага пераходу турэцка-балгарскай мяжы. Еўракамісія заяўляе, што «абарона межаў – асноўны прыярытэт сёння», і гатовая адмяніць візы з Турцыяй, каб заручыцца падтрыманнем гэтай краіны ў барацьбе з праблемаю нелегальнай міграцыі.

Праз балгарска-турэцкую мяжу ляжыць усходне-міжземнаморны маршрут мігранцкай плыні ў Еўропу. Апошнім часам Балгарыя ўзмацніла сваю мяжу з Турцыяй – усталявала камеры і датчыкі руху, павялічыла штат памежнікаў, працягнула абаронны плот да 160 км.

У чацвер увечары на адным з участкаў гэтага плоту паліцыянты застрэлілі маладога афганскага ўцекача. Паводле галоўнага сакратара МУС Балгарыі Георгія Костава, ён не падпарадкаваўся паліцыі падчас арышту – тыя вымушаныя былі зрабіць папярэджвальны стрэл у паветра, але «куля зрыкашэціла» і забіла юнака. Гэта першы выпадак смерці ўцекача на балгарска-турэцкай мяжы.

Балгарскі прэм’ер Бойка Барысаў пакінуў саміт і накіраваўся ў Сафію, каб азнаёміцца са справаю.

«Гэты інцыдэнт пацвярджае, наколькі важную тэму мы абмяркоўваем. Абарона знешніх межаў – наш асноўны прыярытэт сёння», – пракаментаваў забойства афганца старшыня Рады Еўразвязу Дональд Туск.

Паводле вынікаў першага дня брусельскага саміту Туск заявіў пра прыняцце супольнага плану дзеянняў з Турцыяй па барацьбе з мігрантамі: «Мы павінныя вынайсці гуманітарнае вырашэнне крызісу, інакш іншыя знойдуць рашэнні, што будуць бесчалавечнымі, не еўрапейскімі».

Для вырашэння міграцыйнага крызісу Еўракамісія выдаткавала 1,7 млрд еўраў і разлічвае, што цягам бліжэйшых дзён яшчэ 2,2 млрд еўраў дададуць краіны ЕС.

Паводле старшыні Еўракамісіі Жан-Клёда Ю́нкера, ЕЗ будзе шукаць агульную мову з Турцыяй, каб уцекачы, што знаходзяцца на яе тэрыторыі, там і заставаліся. Дзеля падтрымання з боку Турцыі Еўропа гатовая паскорыць падрыхтоўку бязвізавага рэжыму з гэтай краінай. Але крытэры, якія трэба выканаць дзеля поўнага скасавання візавага рэжыму, маюць застацца застацца нязменнымі.

Сёння зранку прэс-служба Рады Еўразвязу паведаміла, што другі дзень саміта ў Бруселі адменены. Прычыны не паведамляюцца, але верагодна імі сталі рознагалоссі ў пытанні квотаў размеркавання мігрантаў.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў