МЗС Расеі заклікаў Беларусь «максімальна адказна» разглядаць справу затрыманых аўтараў Regnum


МЗС Расеі заклікаў афіцыйны Менск «максімальна адказна» разглядаць справу траіх беларускіх журналістаў, якія супрацоўнічалі з расейскім парталам Regnum і абвінавачаных у распальванні варожасці, заявіла афіцыйны прадстаўнік расейскага знешнепалітычнага ведамства Марыя Захарава, перадае РИА Новости.

«Мы азнаёміліся з інфармацыяй пра тое, што справа аб прадʼяўленні беларускімі ўладамі абвінавачванняў у распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці да грамадзянаў Беларусі, якія супрацоўнічалі з расейскімі інфармацыйнымі рэсурсамі, перададзена ў Менскі гарадскі суд.

Мы хацелі б заклікаць беларускі бок падыходзіць да разгляду дадзенай крымінальнай у строгай адпаведнасці з узятымі на сябе Беларуссю абавязацельствамі, перш за ўсё ў плане захавання свабоды выказвання меркаванняў»,– заявіла Захарава падчас брыфінгу.

Летась у снежні выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Юры Паўлавец, вартаўнік Дзмітры Алімкін і рэдактар часопісу «Новая эканоміка» Сяргей Шыптэнка былі затрыманыя і ўзятыя пад варту ў Менску. Ім прадʼяўленае абвінавачванне па частцы 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса Беларусі (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні).

Яшчэ аднаго фігуранта справы шэф-рэдактара Regnum Юрыя Баранчыка затрымалі ў сакавіку ў Маскве на запыт беларускага боку. Але пасля яго адпусцілі і не выдалі Менску.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў