«Мы вернем сваю краіну». Лявон Вольскі прадставіў відэа з кадрамі разгону Дня Волі

video

Відэа на песню «Скончылася шоу» Лявон Вольскі стварыў пад уражаннем падзеяў 25 і 26 сакавіка.

Песню «Скончылася шоу» Лявон Вольскі запісаў год таму, калі ў Беларусі загаварылі пра лібералізацыю і адлігу. Яна ўвайшла ў альбом «Псіхасаматыка». Песня стала прароцкай: у сакавіку ўлады распачалі жорсткія рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў сацыяльных акцыяў у Курапатах і супраць дэкрэту № 3, якія прайшлі па ўсёй краіне. Пад рэпрэсіі патрапілі не толькі дэманстранты, але журналісты і праваабаронцы.

25 сакавіка падчас жорсткага разгону мірнага шэсця на Дзень Волі АМАП затрымаў больш за 800 чалавек. Кадры з «працаю» сілавікоў і ўвайшлі ў відэа музыкі.

«Скончылася шоу «дэмакратызацыі». А шмат хто паверыў у новае «вольнае» жыццё, неабмежаваныя канцэрты на радзіме і паразумнелую ўладу. І дарэмна. Скончылася шоу», – зазначыў Лявон Вольскі ў каментары для Tuzin.fm з нагоды прэм’еры роліка.

Творца мяркуе што падчас гвалтоўнага разгону мірнага шэсця людзі не выглядалі на напалоханых ці збянтэжаных.

«Людзі выглядалі на жаўнераў у баі, – сказаў музыка. – Вось – мы, людзі, жыхары гэтага гораду, гэтае краіны, а вось – яны, тыя, хто не дае нам напоўніцу жыць у гэтым горадзе, у гэтай краіне. І мы, людзі, мусім выстаяць. І вярнуць сабе гэты горад, гэтую краіну. І мы выстаім. І вернем».

27 красавіка ўвесь дзень ішлі суды над затрыманымі на Дні Волі ды падчас нядзельнай акцыі на Кастрычніцкай плошчы.

ДД

Глядзі таксама
Каментары