«Мы саджалі бульбу, а на падворку ішоў «срэбны» дождж…»


Як беларуска-грузінская сям’я перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны дае рады на Гарадзеншчыне.

Да мястэчка Гожа з Горадні ехаць менш як паўгадзіны. У шэраг блочных двухпавярховых дамкоў на вуліцы Брагінскай жывуць сем’і перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны.

Цімур Каджая нарадзіўся ў Батумі. Служыў на Далёкім Усходзе, а пасля войска пераехаў у Маскву вучыцца. Там пазнаёміўся з будучай жонкай-беларускай Святланай, таксама студэнткай. Радзіма жонкі – вёска Дуброўна на Брагіншчыне, куды пасля вяселля і пераехалі. Як апынулася, не надоўга…

«Дамы палівалі пенай ды вывозілі зямлю»

Пасля аварыі Дуброўна трапіла ў «зону адчужэння» і абавязковага высялення. Аднак з’ехалі толькі ў 1992-м, калі нарадзіўся найменшы сын: чакалі, пакуль пабудуюць жытло для пераезду. Прапаноўвалі розныя куткі Беларусі, і Рэчыцкі раён, і Смалявічы, але сям’я спынілася на Гожы.

IMG_4259 bs

IMG_4242 bs

«Памятаю, 1 траўня 1986 году мы з мамай бульбу садзілі. – узгадвае Святлана, – Ніхто ж не ведаў анічога. Я запомніла, што дождж дзіўны ішоў – «срэбраны». Усе ў двор выскачылі… А там незразумелае нешта падае, як пыльца. Нам так цікава было. Пасля, памятаю, як прыехалі людзі ў вайсковай форме ды рэспіратарах. Траву на падворках зразаюць, зямлі верхні слой, вывозяць, дамы паліваюць пенай нейкай. Страшна было, вельмі страшна».

Агулам у Гожу трапіла больш за дзесяць сем’яў з «зоны», збольшага з Дуброўна, але былі таксама людзі з Хойнікаў і Нароўлі. Тыпавыя дамкі, аднак, атрымаліся падарункам і пасткай адначасна: дзеці пагалоўна пачалі хварэць праз вільгаць: цёк дах, будоўля была няякасная. Пасля некалькіх камісіяў, аднак, з часам удалося «выбіць» іншы будынак, у якім сям’я жыве дагэтуль.

«Нават у калгасе працаваць не хацелі браць!»

Былі праблемы і іншага характару, напрыклад, з працай. Пра нейкія ільготы і гаворка не ідзе: адзінае, што дзеці мелі зніжку ў сталоўцы на 50% ды бясплатныя падручнікі.

«Пад’ёмныя» далі толькі адзін раз – пры высяленні, – тлумачыць Цімур, – Больш ніколі нічога не выплочвалі. Ніякіх ільготаў таксама няма: ані на праезд, ані на адпачынак… Ліквідатарам у гэтым сэнсе прасцей, а нам, перасяленцам з 22-м артыкулам, цяжкавата. Дапамога з працай? Сказаць вам праўду? Нават у калгасе працаваць не хацелі браць!»

З сабою з Дуброўна багата чаго ўзяць не ўдалося, хоць некаторыя, нягледзячы на забароны, вывозілі нават свінняў ды іншую хатнюю жывёлу. Галоўная сямейная рэліквія, прывезеная з Бацькаўшчыны – старадаўняя ікона Багародзіцы, якую ўжо на новым месцы паспелі адзін раз скрасці, але злодзеяў выкрылі, а святыню вярнулі.

«Брала хлеб, намачу вадзічкай ды цукрам пасыплю…»

Мясцовыя гажанцы да перасяленцаў на пачатку ставіліся з падазрэннем. Маўляў, чаго прыехалі менавіта сюды? Чаму «задарма» атрымалі дамы? Дзяцей у школе называлі «чарнобыльцамі». Паразуменне і нармальныя суседскія адносіны ўтварыліся значна пазней… Ад успамінаў Святланы пра першыя гады на новым месцы ажно сэрца сціскаецца:

«Мужа на працу не бяруць. Я з дзецьмі ўдома. Святло ёсць, а газу няма яшчэ. Гатаваць неяк трэба. Грошы сканчаюцца… Прыйдзеш у краму ды возьмеш дзве булкі чорнага хлебу. А дзеці ж не разумеюць, што няма грошаў. Сын кажа: «Вунь, у дзяўчынкі печыва, дай мне». «Сына, няма печыва…» Брала хлеб, намачу вадзічкай ды цукрам пасыплю, кажу: «Гэта пакаштуй». Ён і сёння згадвае…»

Цімур за гэты час паспеў папрацаваць палясоўшчыкам, зараз – на насоснай станцыі пры вайсковай частцы. Адно, што зарабіў цукровы дыябет – наступства гэта Чарнобылю ці не, хто скажа?

IMG_4226 bs

«Едзеш па трасе, а па баках пустыя вёскі…»

Час ад часу, раз на некалькі год на Радаўніцу сям’я ездзіць у Дуброўна, дзе сустракаюцца былыя вяскоўцы. Восемдзесят адсоткаў вёскі ўжо не існуе, дамы зраўнялі з зямлёй ды закапалі, пакінуўшы толькі пясчаныя грубкі, нібы курганы.

«Падфарбуем, пасядзім на могілках… – уздыхае Цімур, – Але нават не начуем: там жа няма дзе ночыць. Сядзем у машыну і паедзем назад. З вяскоўцамі фактычна толькі там сустракаемся – зараз хто ў Менску, хто ў Рэчыцы…»

На дзіва, частка перасяленцаў яшчэ ў 90-я вярнулася ў забруджаную зону. Зараз кажуць, што ў тых мясцінах развялося шмат дзікая звяр’я: ваўкі, лісы, дзікі… Нават высокі плот або калючы дрот не ратуе! Топчуць пасевы, заходзяць на падворкі.

«Я ўжо не ўяўляю як гэта, туды вярнуцца, – тлумачыць Святлана, – Едзеш па трасе, а па баках пустыя выселеныя вёскі… Хочацца з землякамі часам пабачыцца, але агулам прывыклі ўжо тут».

IMG_4158 bs

«Мы ўжо нікуды не паедзем»

Напрыканцы размовы запытваемся пра стаўлення да будаўніцтва Астравецкай АЭС, якая неўзабаве мае паўстаць тут, на Гарадзеншчыне, зусім побач.

«Не дай Бог, каб такое паўтарылася, – скрозь слёзы дадае Святлана, – Можа ўжо нейкія тэхналогіі новыя ці што… Але мы ўжо нікуды не паедзем!»

Цімур разважае пра тое, што краіне патрэбна электраэнергія, якая шмат каштуе, так склалася эканамічная сітуацыя, але ў канцы лаканічна дадае: а ці ў нас хто пытаўся?

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары