«Можа сядзець»: расейцы не знайшлі ў Паўла Грыба цяжкіх захворванняў

Wideo

Павел Грыб. Фота kommersant.ru

Упаўнаважаная па правах чалавека ў Расеі Таццяна Маскалькова сцвярджае, што стан здароўя незаконна затрыманага ў Беларусі ўкраінца «здавальняючы» і ён атрымлівае прызначанае лячэнне.

Пра гэта Маскалькова праінфармавала ўкраінскага амбудсмэна Валерыю Луткоўскую.

Паводле Маскальковай, у «кампетэнтных органах, якія валодаюць інфармацыяй», яе запэўнілі, што пасля прыбыцця ў СІЗА-5 Краснадара «Павел Грыб прайшоў медычны агляд і быў узяты на дыспансерны нагляд паводле наяўных хранічных захворванняў».

Акрамя таго паведамляецца, што Павел Грыб прайшоў абследаванне на наяўнасць у яго цяжкага захворвання, уключанага ў пералік цяжкіх захворванняў, якія з’яўляюцца перашкодай для ўтрымання пад вартай.

«Наяўнасці такога захворвання медычная камісія ў яго не ўстанавіла», – падкрэсліла Маскалькова.

У лісце яна адзначае, што «агульны стан здароўя Паўла Грыба ацэньваецца лекарамі-спецыялістамі як здавальняючы, ён знаходзіцца пад дынамічным назіраннем медычных работнікаў, атрымлівае прызначанае лячэнне ў амбулаторных умовах. Прэпараты для лячэння яму падаюцца ў адпаведнасці з рэкамендацыямі лекараў і наяўнымі захворваннямі».

18 кастрычніка раённы суд у Краснадары працягнуў тэрмін утрымання пад вартай выкрадзенага ў Беларусі расейскімі спецслужбамі Паўла Грыба ажно да 4 студзеня 2018 года.

Ужо адбыліся два судовыя паседжанні. На апошняе прыяжджала маці Паўла, але ёй адмовілі ў спатканні з сынам. Паўла на пасяджэнне не прывезлі, усё адбывалася ў рэжыме відэаканферэнцыі. Чарговае пасяджэнне адбудзецца 25 снежня, на ім павінны перагледзець меру стрымання.

***

19-гадовы Павел Грыб знік 24 жніўня ў Беларусі. Паводле хлопца, на аўтавакзале Гомля яго выкралі невядомыя людзі ў цывільным і перадалі іншым невядомым людзям у нейкім лесе. Больш за содні яго трымалі ў памяшканні без вокнаў, пасля чаго адвезлі ў Смаленскую вобласць, дзе аформілі арышт па падазрэнні ў падрыхтоўцы выбуху ў Сочы. Толькі праз два тыдні ФСБ Расеі прадставіла інфармацыю, што ён знаходзіцца ў Краснадарскім СІЗА.

Улады Расеі абвінавачваюць Грыба ў «тэрарызме». Беларусь сваёй віны ў выкраданні ўкраінца расейскімі спецслужбамі не прызнае.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары