Выкрадзенаму ў Гомлі ўкраінцу Паўлу Грыбу падоўжылі арышт да 4 студзеня


Кастрычніцкі раённы суд Краснадара (РФ) падоўжыў арышт выкрадзенаму ў Беларусі ўкраінцу Паўлу Грыбу да 4 студзеня 2018 года, паведамляе УНІАН са спасылкай на прэс-службу суду.

«Арышт працягнуты да 4 студзеня наступнага года», – сказаў суразмоўца агенцтва.

Нагадаем, 24 жнiўня Павел паехаў у беларускі Гомель на сустрэчу з дзяўчынай, з якой пазнаёміўся ў сацыяльных сетках. Грыб-старэйшы сказаў, што Павел павінен быў вярнуцца ў той жа дзень. Калі гэтага не адбылося, бацька з’ехаў на пошукі сына ў Гомель, дзе высветліў, што Павел знаходзіцца ў вышуку па арт. 205 Крымінальнага кодэкса РФ (тэрарыстычны акт), а ініцыятарам вышуку зʼяўляецца ФСБ РФ па Краснадарскім краі.

7 верасня стала вядома, што Павал у следчым ізалятары № 5 у Краснадары. 13 верасня суд у Краснадары пастанавіў арыштаваць Паўла да 17 кастрычніка. У Паўла цяжкае хранічнае захворванне, яму неабходна штодзённае спецыфічнае лячэнне.

6 кастрычніка адвакат Яўгенія Закрэўская заявіла, што Еўрапейскі суд па правах чалавека запрашае ўкраінскіх лекараў да Паўла, каб яны ацанілі стан яго здароўя і даведаліся, ці атрымлівае ён неабходнае лячэнне. 12 кастрычніка ўкраінскія медыкі выехалі ў Краснадар. 13 кастрычніка, у МЗС Украіны паведамілі, што Прадстаўніцтва МЗС РФ у Краснадары накіравала афіцыйную адмову ў магчымасці наведвання Паўла ўкраінскімі лекарамі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў