Міліцыя выкрыла карупцыйную схему, праз якую выраслі цэны на лекі


Упраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (УБЭП) выкрыла злачынную схему ў галіне закупак медпрэпаратаў. Яе наладзіў кіраўнік аднаго з найбуйнейшых фармакалагічных дзяржпрадпрыемстваў краіны.

Пра гэта паведамляе прэс-служба ГУУС Менгарвыканкаму.

Кіраўнік аднаго з дзяржаўных прадпрыемстваў сталіцы даваў незаконныя ўказанні падначаленым не рэалізоўваць вакцыну ад грыпу, якая выраблялася на прадпрыемстве, арганізацыям аховы здароўя. Ён загадаў рэалізоўваць вакцыну толькі адной прыватнай структуры, да якой пасля накіроўвалі пакупнікоў. Апошнія былі вымушаныя плаціць за прэпарат з нацэнкай.

«Ніякай, як усталявалі аператыўнікі, мэтазгоднасці ў такім ланцугу прадаўцоў вакцыны не было. Паліклінікі, шпіталі і ўсе зацікаўленыя ў вакцыне арганізацыі маглі набыць яе на заводзе-вытворцы значна танней. Аднак, як паказала праверка, у кіраўніка прадпрыемства была асабістая зацікаўленасць ва ўзаемаадносінах з фірмай-пасярэднікам», – распавёў начальнік УБЭП крымінальнай міліцыі ГУУС Менгарвыканкаму Андрэй Сачкоў.

Сваймі дзеяннямі кіраўнік заводу нанёс істотную шкоду правам і інтарэсам грамадзянаў, як і шкоду дзяржаўным прадпрыемствам у асабліва буйным памеры, мяркуюць праваахоўнікі.

Генеральная пракуратура Беларусі распачала крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэксу Беларусі (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі).

Санкцыя дадзенага артыкулу прадугледжвае да 10 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў