Міліцыя прыпыніла справу за палітычны рэпост ва «УКантакце»


Упраўленне ўнутраных справаў Магілёўскага аблвыканкаму прыслала магілёўскаму актывісту Станіславу Паўлінковічу паведамленне, што справа супраць яго за палітычны рэпост у сацыяльных сетках прыпыненая.

Раней Станіслава Паўлінковіча абвінавачвалі паводле часткі 3 артыкулу 23.24 КоАП Беларусі – парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў. Станіслаў Паўлінковіч зрабіў рэпост ва «УКантакце» закліку палітыка Мікалая Статкевіча на мітынг «Патрабуем сапраўдных выбараў» 12 верасня ў Менску. Абвінавачанаму мог пагражаць штраф памерам у 20–50 базавых велічыняў (420–1050 рублёў) або адміністратыўны арышт.

Як вынікае з афіцыйнага паведамлення міліцыі, справу супраць спадара Паўлінковіча прыпынілі 28 верасня на падставе «недаказанасці віны».[/vc_column_text][vc_column_text]На акцыю ў Менск Паўлінковіч не трапіў. У дзень акцыі яго затрымалі за 100 метраў ад падʼезду ягонага дому, склалі пратакол за рэпост і пратрымалі ў пастарунку 6 гадзін.

«Мне прапаноўвалі напісаць распіску аб тым, што я сапраўды размяшчаў інфармацыю ў сацсетках, але без злога намеру. Мне паабяцалі, што тады мне не будзе штрафу і не будзе суда. Але я адмовіўся, бо лічу, што людзі маюць права па Канстытуцыі выказваць сваё меркаванне», – падкрэсліў Станіслаў Паўлінковіч.

Справа была перададзеная ў суд Ленінскага раёну Магілёва. Выканаўца абавязкаў старшыні суда Валянціна Лапаціна 20-га верасня адправіла пратакол назад у Ленінскі РАУС на дапрацоўку праз шматлікія недахопы, падае Mspring.online.

У Расеі за палітычны рэпост у падтрыманне Украіны за краты трапіў беларус Кірыл Сілівончык.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў